BE RU EN

Што беларусы часцей за ўсё купляюць у замежных інтэрнэт-крамах

  • 8.05.2016, 20:10

Увядзенне абмежаванняў на пасылкі з-за мяжы практычна не знізіла цікавасць нашых суграмадзян да анлайн-шопінгу.

Часцей за ўсё ў замежных інтэрнэт-крамах беларусы купляюць адзенне і абутак, бытавую і электронную тэхніку. Пра гэта кажуць вынікі апытання, праведзенага ў лютым 2016 года Міжнародным агенцтвам сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў (МАСМД). Спецыялісты апыталі тысячу жыхароў вялікіх, сярэдніх і малых гарадоў ва ўзросце 18-64 гадоў, пішуць «Беларускія навіны».

Згодна з вынікамі апытання, у мінулым годзе больш за чвэрць беларускіх гараджан рабілі куплі ў замежных інтэрнэт-крамах.

Пры гэтым у Менску гэты паказчык значна вышэйшы. У 2015 годзе анлайн-куплі за мяжой здзяйсняла больш як палова менчукоў.

Як сведчаць звесткі Дзяржаўнага мытнага камітэта, за мінулы год колькасць пасылак з таварамі з-за мяжы вырасла амаль удвая. Так, калі ў 2014 годзе ў Беларусь паступіла 6,3 млн паштовых адпраўленняў з таварнымі ўкладаннямі, то ў 2015 годзе - 11,8 млн. Асноўную дзель з іх складаюць пакеты з таварамі, набытымі ў інтэрнэт-крамах Кітаю, Ганконгу і ЗША.

Паводле звестак сэрвісу анлайн-аплат «Яндекс.Деньги», за апошні год колькасць пакупнікоў кітайскіх тавараў у Беларусі вырасла на 70%. У даследаванні ўлічваліся аплаты, учыненыя з 1 красавіка 2015 да 1 красавіка 2016 года праз «Яндекс.Кассу».

Высветлілася, што сярэдні чэк беларускага карыстальніка ў кітайскіх інтэрнэт-крамах складае 533 расейскіх рублі (блізу 8 даляраў). Пры гэтым кожны, хто здзяйсняў анлайн-пакупкі ў Кітаі, у сярэднім аплаціў тры замовы.

Як адзначаюць спецыялісты «Яндэкса», традыцыйна больш за ўсё анлайн-набыткаў людзі здзяйснялі ў дні сусветных распродажаў і перад вялікімі святамі. Так, пік продажу прыпаў на Дзень нежанатых (11 лістапада), калі кітайскія інтэрнэт-крамы абвяшчаюць вялікія зніжкі. Тады беларускія пакупнікі выдаткавалі на тавары ў Кітаі ў 12 разоў больш, чым у звычайныя дні, а сярэдні чэк вырас да 817 рублёў (блізу 12 даляраў).

Паводле звестак МАСМД, часцей за ўсё ў замежных інтэрнэт-крамах беларусы набываюць адзенне і абутак, дробную бытавую тэхніку, кампутары і дэталі да іх, мабільныя тэлефоны ды іншыя тавары.

C 14 красавіка гэтага года ў Беларусі пачалі дзейнічаць абмежаванні на замежныя пасылкі. Калі раней на працягу аднаго месяца без выплаты мыт з-за мяжы можна было атрымліваць пакеты з таварамі для асабістага карыстання на суму 200 еўраў і вагай 31 кг, то цяпер агульны кошт тавараў не павінен перасягаць 22 еўры, а агульная вага - 10 кг.

Нягледзячы на ўвядзенне ліміту, большасць гараджанаў не гатовыя адмовіцца ад набыткаў у замежных інтэрнэт-крамах. Як сведчаць звесткі апытання МАСМД, больш як палова жыхароў гарадоў мерыцца далей рабіць куплі ў межах 22 еўры, а частка пакупнікоў мерыцца скарыстацца паслугамі пасярэднікаў з Расеі, каб унікнуць выплаты мыты.

Паводле звестак Асацыяцыі кампаній інтэрнэт-гандлю Расеі, такія паслугі цяпер прапануе як мінімум 15 арганізацый. Між тым, у Расеі таксама плануюць абкладаць мытай пасылкі даражэйшыя за 22 еўры.

Апошнія навіны