З рахункаў Цэнтрабанка РФ скралі 2 мільярды рублёў
- 3.12.2016, 10:32
Хакеры скралі 2 мільярды рублёў у расейскіх банкаў, рахункі якіх знаходзіліся ў ЦБ, піша CNN.
Як адзначае тэлеканал, рэгулятар пацвердзіў гэтую інфармацыю.
Паводле словаў намесніка кіраўніка галоўнай управы бяспекі і абароны ЦБ Арцёма Сычова, хакеры спрабавалі скрасці 5 млрд руб., аднак крадзеж атрымалася спыніць. «Нам пашанцавала вярнуць частку грошай», – адзначыла прадстаўніца Банка Расеі.
Хто менавіта атакаваў расейскія банкі, не паведамляецца, адзначае РБК.
Таксама ЦБ не ўдакладніў, калі і як адбыўся ўзлом. Аднак, як піша CNN, атака падобная да тых, што адбыліся за апошні час ва ўсім свеце. Сярод іншага, тэлеканал згадвае хакерскія атакі на Эквадор у студзені 2015 года, Філіпіны ў кастрычніку, В'етнам два месяцы таму і Бангладэш у мінулым лютым.
CNN таксама са спасылкай на заяву ЦБ піша, што мэтай кібератак сталі і прыватныя банкі, у выніку былі скрадзеныя грошы кліентаў. Дэталі таго, што адбылося, аднак, не прыводзяцца.
1 снежня «Камерсант» са спасылкай на дзве крыніцы на рынку інфармацыйнай бяспекі і блізкага да ЦБ суразмоўцы паведаміў, што адзін з расейскіх банкаў страціў больш за 100 млн руб. у выніку кібератакі. У прэс-службе Банка Расеі пацвердзілі, што рэгулятар зафіксаваў факт атакі і што, паводле папярэдніх ацэнак, сума шкоды склала крыху больш за 100 млн руб. Пра які банк ідзе гаворка, не ўдакладнялася.
Крыніца газеты ў ЦБ казала, што, паводле адной з версій, адбылася кібератака з выкарыстаннем слабасці ў аўтаматызаванай банкаўскай сістэме (АБС), распрацаванай кампаніяй «Дыясофт», якую выкарыстаў гэты банк. «Хакеры, мяркуючы з усяго, праніклі ў сетку банка і ўзламалі АБС. У выніку аплата з АБС на буйную суму выйшла з падмененым адрасам. Калі следства пацвердзіць гэты факт, то інцыдэнт стане першым выпадкам паспяховай атакі на АБС з сур'ёзным крадзяжом», – адзначыла крыніца «Коммерсанта» на рынку інфармбяспекі.
Напярэдадні Федэральная служба бяспекі (ФСБ) паведаміла, што найбуйнейшыя банкі Расеі ў дзясятках гарадоў павінны стаць мэтамі маштабных кібератак, падрыхтаваных замежнымі спецслужбамі. Паводле ейных звестак, атакі павінны пачацца з 5 снежня. Серверныя магутнасці і камандныя цэнтры для правядзення кібератак размешчаныя на тэрыторыі Нідэрландаў і належаць украінскай хостынгавай кампаніі BlazingFast, адзначала ФСБ.
ЦБ падкрэсліваў, што валодае ўсім поўным аб'ёмам інфармацыі пра пагрозу кібератак на фінансавую сістэму Расеі. Рэгулятар даў неабходныя рэкамендацыі банкам, адзначаў ён.