З Менска ў Віленскі і ў Ковенскі аэрапорты пусцілі аўтобусы
- 8.07.2014, 12:46
Цяпер дарога з Менска ў аэрапорт у Літве зойме паўтары гадзіны і каштавацьме ўсяго 12 еўраў.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў кіраўнік перавозак Андрэй Алексяюк з менскай аўтобуснай фірмы «Алізана».
- Чаму вы наважылі арганізаваць перавозкі менавіта ў Коўна і ў Вільню?
- Хочам зарабіць грошай! У Барыспаль возяць з Гомеля, да Масквы далёка, а з Варшавы лётаюць адзінкі.
- Хто вашыя пасажыры?
- Наша мэтавая аўдыторыя - гэта пасажыры лаўкостаў. Людзі без багажу, з маленькімі куфрамі. Мой знаёмец рэгулярна лётае з Вільні рэйсам а 6:50. Ён заводзіць будзільнік на 6 раніцы і ўсё паспявае.
- Як часта будуць выконвацца гэтыя рэйсы?
- Адзін-два разы на дзень. Мы будзем падладжвацца пад вылеты самых папулярных рэйсаў лаўкост-самалётаў сярод беларусаў: Гішпанія (Алікантэ), Мальта, Нямеччына (Франкфурт).
- Калі вы пачалі ездзіць з Менска ў літоўскія аэрапорты?
- Мы пачалі ажыццяўляць перавозкі маршрутам Менск - Ковенскі аэрапорт 23 чэрвеня. Цяпер мы дадалі прыпынак у Віленскім аэрапорце.
Цяпер з Менска да Вільні лётае самалёт - і ён пусты. Бо вылет арганізаваны нязручна: каб трапіць у Вільню, у людзей марнуецца больш за чатыры гадзіны, а мы давозім людзей за паўтары гадзіны. А яшчэ, у іх квіткі каштуюць 50-70 еўраў, а мы вязем усяго за 12. Я думаю, «Белавія» будзе не вельмі радая такой канкурэнцыі.
Таксама прадстаўнік аўтобуснай кампаніі распавёў аб планах арганізацыі: праз 20-30 дзён квіток на праезд можна будзе купіць з дапамогай карткі праз інтэрнэт.