Славянскім міліцыянтам-здраднікам пагражае пажыццёвае зняволенне
- 8.07.2014, 12:02
У вызваленым ад сепаратыстаў Славянску цалкам абновяць кіраўніцтва гарадскіх падраздзяленняў МУС і правядуць службовае расследаванне пра кожнага супрацоўніка.
Як заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Сяргей Яравы, падчас расследавання даведаюцца, ці дапамагаў супрацоўнік унутраных органаў сепаратыстам і ці заставаўся верным прысязе Украіны, паведамляе газета "Сёння".
Міністр МУС Арсэн Авакаў дадаў, што ў Славянску гатовыя працягваць службу міліцыянты з усёй Украіны.
Лёс міліцыянтаў, якія не пройдуць праверку, пакуль незразумелы. Але нагадаем: у красавіку гэтага года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла ўзмацненне адказнасці за дзяржаўную здраду, шпіянаж і замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны і за сепаратысцкія дзеянні, у выніку якіх загінулі людзі.
Цяпер за падобныя дзеянні можна атрымаць пажыццёвы тэрмін, а мінімальны тэрмін пазбаўлення волі за пераход на бок ворага і дзяржаўную здраду - 12 гадоў.