Гіркін: У шэрагах тэрарыстаў паніка (Відэа)
- 4.07.2014, 14:55
У шэрагах тэрарыстаў паніка, спадзяюцца толькі на ўварванне расейскіх войскаў.
Як паведамляе афіцэр ГРУ Расеі Ігар Гіркін (Стралок) у сваім блогу, "калі Расея не ўступіць у справу самым бліжэйшым часам - Навароссія загіне неўзабаве".
"Мікалаеўка аточаная. Сувязі з гарнізонам няма. Працягваюцца бесперапынныя абстрэлы Сямёнаўкі, Мікалаеўкі, ЦЭЦ. Колькасць выдаткаваных набоеў такая, што ў Чачні такога не бачыў", - паведамляецца ў блогу, які нібыта вядзе Ігар Стралкоў (Гіркін).
У шэрагах тэрарыстаў паніка. "Усе праклінаюць Кіеў, Парашэнку і... Расею. Якая дала надзею і кінула на волю карнікаў", - паведамляецца ў блогу.
Традыцыйна расейскія найміты абвінавачваюць украінскае войска ў правядзенні карнай аперацыі супраць цывільнага насельніцтва, аднак тон паведамленняў пасля аднаўлення АТА змяніўся.
"Прашу чытачоў не "хапацца за трэску", радуючыся якому-небудзь збітаму самалёту або падбітаму танку: іх ва ўкраінцаў столькі, што можна кожны дзень па 10 падбіваць - менш не стане. Яны ціснуць суцэльнай плыняй броні і набоеў. Пяхота практычна не выкарыстоўваецца - толькі зачышчае практычна зраўняныя з зямлёй населеныя пункты. Генацыд у чыстым выглядзе. Калі Расея не ўступіць у справу самым бліжэйшым часам - Навароссія загіне неўзабаве", - паведамляюць тэрарысты.
"Славянск загіне нашмат раней, чым усе астатнія", - піша Гіркін.
"Так, дарэчы... нашае забеспячэнне цалкам спыненае. Так што чаравікі, прылады начнога бачання і ўсё іншае можна смела адпраўляць куды хочаш - да нас яны ўжо не дойдуць. Абстрэл горада доўжыцца", - заканчвае сваё паведамленне, датаванае 4 ліпеня (10:23 маскоўскага часу), афіцэр ГРУ РФ.
Нагадаем, пасля таго, як адноўленае АТА прынесла істотны станоўчы вынік і тэрарысты панеслі значныя страты, расейскія дыпламаты публічна заявілі аб магчымасці ўварвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны.