BE RU EN

Беларусь не будзе пералічваць РФ мыты ад экспарту нафтапрадуктаў

  • 8.10.2014, 15:20

Дамоўленасць аб гэтым распаўсюджваецца толькі на 2015 год.

Мыты ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты, будуць поўнасцю залічвацца ў бюджэт Беларусі. Пра гэта 8 кастрычніка заявіў віцэ-прэм'ер Расеі Аркадзь Дварковіч, піша РІА «Новости».

«Была дамоўленасць, што паўтара мільярда (даляраў) залічваецца ў беларускі бюджэт, астатняе - у расейскі, а цяпер усё (у беларускі бюджэт)», - сказаў ён.

З ягоных слоў, пакуль такая дамоўленасць распаўсюджваецца толькі на 2015 год. Дварковіч таксама пацвердзіў, што Расея ў наступным годзе плануе паставіць у Беларусь 23 млн тон нафты.

Нагадаем, паводле дамоўленасцяў паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, у 2015 годзе Беларусь атрымала магчымасць пакінуць у сваім бюджэце 1,5 млрд даляраў экспартных мытаў з прыкладна 4 млрд даляраў, якія Беларусь штогод пералічвае ў бюджэт Расеі за экспартаваныя нафтапрадукты, вырабленыя з бязмытнай расейскай нафты .

Аднак у сувязі з намерам Расеі правесці так званы «падатковы манеўр», у выніку якога кошт нафты ўзрасце, а памер экспартных мытаў будзе паніжаны, афіцыйны Менск падняў пытанне аб кампенсацыі сваіх страт, якія былі ацэненыя ў суму не менш за мільярд даляраў.

Апошнія навіны