Microsoft афіцыйна прэзентавала «разумны» гадзіннік (Відэа)
- 30.10.2014, 20:14
Карпарацыя Microsoft афіцыйна прэзентавала анансаваны раней смарт-гадзіннік Microsoft Band.
Microsoft афіцыйна прэзентавала анансаваны раней смарт-гадзіннік Microsoft Band, абсталяваны датчыкамі, якія вымяраюць агульныя паказчыкі жыццядзейнасці ўладальніка, паведамляе ТАСС.
Паводле інфармацыі, апублікаванай на партале MicrosoftStore, прылада абсталяваная прастакутным сэнсарным экранам, дыяганаллю 1,4 цалі і двума акумулятарамі агульнай ёмістасцю 200 мАг, якія забяспечаць смарт-гадзінніку два дні аўтаномнай працы. Гаджэт працуе пад кіраваннем працэсара ARM Cortex M4, мае 64 мегабайта ўбудаванай памяці, а ягоная вага складае 60 грам.
Бранзалет таксама абсталяваны GPS-модулем і некалькімі датчыкамі, якія дазваляюць фіксаваць розныя параметры арганізма ўладальніка, напрыклад, колькасць спаленых калорый, пройдзеных крокаў, частату пульса, тэмпературу цела, узровень атрыманага ультрафіялетавага выпраменьвання або час сну.
Як і меркавалася, Microsoft Band можна сінхранізаваць не толькі з прыладамі, якія працуюць пад кіраваннем Windows, але таксама і з іншымі платформамі - Android і iOS. Уладальнікі бранзалета змогуць атрымліваць паведамленні аб уваходных званках, чытаць SMS-паведамленні і адказваць на іх пры дапамозе тэкставых шаблонаў.
Продажы смарт-гадзіннікаў Band пачаліся 30 кастрычніка. Кошт навінкі складзе 199 даляраў ЗША.
Паралельна Microsoft прэзентавала платформу для збору звестак пра здароўе Microsoft Health. Платформа ўяўляе з сябе хмарны сэрвіс збору інфармацыі пра стан здароўя і абмен гэтымі звесткамі паміж рознымі прыладамі, у тым ліку і з гадзіннікам Microsoft Band. Аналагічную платформу пад назвай Fit напярэдадні прэзентавала Google.