BE RU EN

Поспехі беларускага экспарту: М'янме прадалі рэкламную прадукцыю на $400

  • 29.06.2013, 10:23

Ёсць у гэтым свеце краіны, годныя візіту ўрадавай дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам краіны Міхаілам Мясніковічам.

Няшмат такіх, але яны ёсць, піша блогер malishevsky.

З 1 па 3 снежня 2011 года лепшыя міністры нашай краіны з афіцыйным візітам пабывалі ў М'янме, там прайшоў дзелавы форум. На яго адкрыцці прэм'ер выказаў упэўненасць у тым, што будуць «дасягнутыя дамоўленасці аб пастаўках у М'янму мінеральных угнаенняў, трактароў, абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння ў энергетыцы, будаўніцтве».

Прайшло паўтара года з таго афіцыйнага візіту, так што сачыце за рукамі...

Сайт урада паведамляе:

«Беларусь гатовая нарошчваць пастаўкі ў М'янму калійных угнаенняў. Наша краіна гатовая поўнасцю задаволіць патрэбнасці М'янмы ў гэтых дэфіцытных рэсурсах, - падкрэсліў прэм'ер-міністр. Беларусь у 2012 годзе плануе паставіць у М'янму 20 тысяч тон калійных угнаенняў».

…і дадзеныя Белстата:

У 2012 годзе Беларусь паставіла 1,25 тысяч тон калійных угнаенняў на 513.800 даляраў.

У гэтым годзе ўгнаенні не пастаўляліся наогул.

Сайт урада паведамляе:

«У склад дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў увайшлі прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, хімічнай, перапрацоўчай, мяса-малочнай і электратэхнічнай прамысловасці, а таксама навуковых галін. Сярод іх - Менскі маторны завод, МТЗ, БелАЗ, МАЗ, «Белшына» і іншыя».

…і дадзеныя Белстата:

У 2012 годзе Беларусь паставіла ў М'янму шакалад (на 500 даляраў), салодкае печыва (на 100 даляраў) і гарэлку (на 200 даляраў). А таксама М'янма набыла ў нас трактары (тры), на 1,8 тысячы даляраў цвікоў, прыкладна на такую ж суму падшыпнікаў, адзін тэлефон за 200 даляраў, 83 флэшкі і лямпачкі напальвання на 1,5 тысячы даляраў.

Гэта не лічачы маек трыкатажных (на 100 даляраў) і капелюшаў на такую ж суму. А яшчэ 10 адрыўных календароў і рэкламных матэрыялаў на... 400 даляраў!

У гэтым годзе цвікі, гарэлка, майкі і іншае ў гэту краіну не пастаўляліся.

Сайт урада паведамляе:

«М'янманскія кампаніі зацікаўленыя ў закупцы беларускай шыннай прадукцыі. «Белшына» плануе ў будучыні пашыраць прысутнасць на гэтым рынку. «Белшына» знайшла ў гэтай краіне новых партнёраў і плануе працаваць з імі, нарошчваючы аб'ёмы экспарту».

…і дадзеныя Белстата:

Беларусь паставіла ў М'янму ў 2012 годзе 2000 шын на 716 тысяч даляраў. З іх 8 шын былых ва ўжыванні, яны каштавалі М'янме 100 даляраў.

У гэтым годзе шыны ў гэтую краіну не пастаўляліся.

Сайт урада паведамляе:

«Мы дамовіліся абменьвацца гатункамі сельскагаспадарчых культур, а таксама жывёл, прадастаўляць адзін аднаму навуковыя распрацоўкі, - распавяла Надзея Каткавец. - Беларусь гатовая пастаўляць у М'янму сучасныя сельгастэхналогіі і разлічвае на цеснае супрацоўніцтва з гэтай краінай у АПК».

…і дадзеныя Белстата:

Ні ў 2012 годзе, ні ў гэтым Беларусь не пастаўляла ў М'янму нічога з сельскагаспадарчых культур, жывёл і іншага такога.

Затое наша краіна набыла ў М'янме 173 пінжака і 97 мужчынскіх куртак. Шопінг урадавай дэлегацыі трэба прызнаць удалым.

Апошнія навіны