BE RU EN

ДАІ: Па «Мэрсэдэсе» не стралялі (Відэа)

  • 28.03.2012, 10:45

Дзяржаўтаінспекцыя патлумачыла, чаму не атрымалася спыніць цёмны «Мэрсэдэс», які стварыў днём 27 сакавіка некалькі аварыйных сітуацый у цэнтры горада.

Як паведамляецца на сайце ўпраўлення ДАІ ГУУС Менгарвыканкама, каля 14 гадзін 27 хвілін на праспекце Пераможцаў у Менску кіроўца аўтамабіля «Мэрсэдэс Бэнц 400» цёмнага колеру не выканаў патрабаванне інспектара ДАІ аб спыненні і працягнуў рух. Міліцыя пачала пераслед.

Кіроўца «Мэрсэдэса» з праспекта Пераможцаў павярнуў на вуліцу Арлоўскую і рухаўся па ёй на высокай хуткасці, груба парушаючы Правілы дарожнага руху. На плошчы Бангалор ён выехаў за межы праезнай часткі праз бардзюрны камень на тратуар і рухаўся па ім. Далей ён працягнуў рух па вуліцы Сурганава да скрыжавання з вуліцай Куйбышава, а пасля па Куйбышава да вуліцы Кульман. Наступны маршрут «ліхача» ўключаў у сябе вуліцы Кульман, Якуба Коласа, Хмяльніцкага. Там ён зноў выехаў за межы праезнай часткі і каля кінатэатра «Кастрычнік» з'ехаў на праспект Незалежнасці і накіраваўся ў бок кальцавой аўтадарогі, паведамляе БелаПАН.

У ДАІ асабліва падкрэслілі, што табельная зброя супрацоўнікамі міліцыі не выкарыстоўвалася, бо на заднім сядзенні аўтамабіля знаходзілася жанчына з дзіцём. Раней паведамлялася, што на заднім сядзенні былі дзве жанчыны.

Рэгістрацыйны знак «Мэрсэдэса» ўсталяваны, вядзецца пошук кіроўца.

Апошнія навіны