BE RU EN

Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам

  • 27.01.2012, 13:13

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Жодзіне, адчувае сябе нармальна.

Аб гэтым паведаміла БелаПАН ягоная жонка Наталля Пінчук, якая сустрэлася з мужам у і залятары 27 студзеня.

Па ейных словах, сустрэча доўжылася каля гадзіны. «Адчувае Алесь сябе добра, на здароўе не скардзіўся, перадаваў усім прывітанні. У асноўным мы гутарылі аб навінах, аб сямейных справах і гэтак далей», - адзначыла Пінчук.

Яна сказала, што адміністрацыя следчага ізалятара ў Жодзіне пакуль не атрымала з Менскага гарадскога суда рашэнне аб адмове Бяляцкаму у задавальненні касацыйнай скаргі на ягоны прысуд. «Як мне паведамілі ў адміністрацыі, як толькі рашэнне будзе атрыманае, на працягу дзесяці дзён Бяляцкага павінныя размеркаваць у якую-небудзь калонію для адбыцця пакарання. А пакуль нават не вызначаецца, куды яго перавядуць», - сказала Пінчук.

Жонка асуджанага праваабаронца таксама адзначыла, што тэрмін у дзесяць дзён вельмі ўмоўны: «Могуць адправіць у калонію раней, могуць - пазней. Усё залежыць ад таго, калі будзе этапаванне».

Апошнія навіны