BE RU EN

Беларусь на саміце Усходняга партнёрства можа атрымаць «падвойнае пасланне»

  • 28.09.2011, 10:50

Пасланне, якое прадстаўнікі ЕЗ перададуць прадстаўнікам Беларусі на саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве 29-30 верасня, можа складацца з дзвюх частак.

Пра гэта, адказваючы на ​​пытанне БелаПАН у Брусэлі 27 верасня, заявіла Мая Кочыянчыч, прэс-сакратарка вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

«З аднаго боку, гэта будзе канкрэтны заклік у адпаведнасці з тым, што мы заяўлялі раней. З іншага боку, мы скажам: вось дзе мы можам працаваць з вамі, калі вы вырашыце паважаць прынцыпы ЕЗ і асноўныя правілы, якія тычацца нашага супрацоўніцтва», - сказала Кочыянчыч.

Прэс-сакратарка вярхоўнага дыпламата Еўразвяза адзначыла, што ЕЗ неаднаразова заклікаў Беларусь не толькі да вызвалення, але і да рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. «І хоць мы ўбачылі некаторыя крокі ў гэтым напрамку, гэта ўсё яшчэ не тое, да чаго мы заклікалі і чаго дамагаліся. Гэты заклік па-ранейшаму мае вялікую сілу», - адзначыла Кочыянчыч.

Яна нагадала, што ЕЗ дастаткова канкрэтна заявіў аб умацаванні супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі і ўвасабляе гэтую заяву на практыцы. «Адмоўныя меры, абмежавальныя меры, да якіх мы звярнуліся пасля снежаньскіх выбараў, якія прайшлі з парушэннямі, на самой справе накіраваныя не на насельніцтва, а, хутчэй, на палітычную эліту, адказную за парушэнні», - падкрэсліла прэс-сакратарка.

«Адно з пытанняў, які мы таксама ўзнялі і на якое, я лічу, беларускаму боку па-ранейшаму неабходна адказаць, - гэта візавы дыялог, і гэтае пытанне даволі канкрэтнае, - заявіла Кочыянчыч.

Па ейных словах, тое, што адбылося ў Беларусі падчас снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі з парушэннямі, «выклікала вялікую занепакоенасць і абурэнне ў краінах Еўразвяза» і накіравала ўзаемаадносіны паміж ЕЗ і Беларуссю «ў іншы бок».

З шасці краін Усходняга партнёрства Беларусь найменш ўцягнутая ў гэтую праграму і мае найменшую колькасць пераваг ад удзелу ў ёй, адзначыла Кочыянчыч.

Яна заявіла, што ў адпаведнасці з еўрапейскай палітыкай суседства краіны, у якіх назіраецца прагрэс, атрымліваюць нашмат больш фінансавай падтрымкі ад Еўразвяза, і таму усходнім суседзям ЕС «трэба сур'ёзна ставіцца да рэформаў, стрымліваць абяцанні, ну і выконваць іх на практыцы».

Апошнія навіны