BE RU EN

За запіс «Вконтакте» - штраф

  • 16.08.2011, 13:34

Суд Мазырскага раёна 16 жніўня прызнаў Міхаіла Караткевіча вінаватым па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам у тры базавыя велічыні.

Жыхара Мазыра асудзілі за запіс на старонцы ў сацыяльнай сетцы аб правядзенні акцыі маўклівага пратэсту.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Караткевіч «у інтэрнэт-сетцы на сайце «Вконтакте» шляхам пераадрасацыі распаўсюдзіў заклік аб неабходнасці збірацца кожную сераду тыдня ў 19.00 на пл. ім. Леніна г. Мазыра, тым самым ажыццявіў арганізацыю масавага мерапрыемства, парушаючы ўсталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў».

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Целяпун, суд палічыў, што старонка ў сацыяльнай сетцы - гэта СМІ, запіс Міхаіла быў дасяжны шматлікім карыстальнікам, таму прызнаў яго вінаватым у арганізацыі акцыі.

«Малады чалавек размясціў запіс на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы, нікога нікуды не заклікаў і не з'яўляецца арганізатарам, прычым запіс ён зрабіў ужо пасля пачатку акцый маўклівага пратэсту. Адпаведна, як ён мог быць арганізатарам? Такія запісы ў сетцы ёсць у тысяч чалавек», - адзначыў Целяпун.

Па словах праваабаронца, Міхаіл будзе абскарджваць рашэнне суда.

Нагадаем, у Гомелі адбыліся ўжо па крайняй меры тры падобных адміністрацыйных працэсу за запісы ў сацыяльных сетках і на сайтах у Інтэрнэце. Пётр Філон за запіс у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» з прапановай сябрам сабрацца ў вызначаным месцы быў аштрафаваны па арт. 23.34 КаАП. На падставе гэтага ж артыкула быў пакараны арыштам на пяць сутак актывіст апазіцыі Андрэй Цянюта, які абвінавачваўся ў тым, што, «знаходзячыся ў сваёй кватэры, парушыў усталяваны парадак арганізацыі масавага мерапрыемства шляхам размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсах заклікаў да грамадзянаў сабрацца загадзя ў пэўным месцы ва ўсталяваны час для публічнага абмеркавання палітычных пытанняў». Быў арыштаваны на трое сутак за запіс у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» і гамяльчук Зміцер Шаўчэнка.

Апошнія навіны