BE RU EN

Генпракуратура Польшчы таксама выдала рахункі «Вясны»

  • 11.08.2011, 16:43

Генпракуратура Польшчы падала інфармацыю Беларусі аб банкаўскіх рахунках кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага яшчэ ў чэрвені гэтага года.

Пра гэта агенцтву PAP паведаміў прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Польшчы Мацей Куяўскі.

Па словах прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Польшчы і праваабарончых арганізацый у Беларусі, польская пракуратура падала дадзеныя аб рахунках беларускіх апазіцыянераў, паведамляе агенцтва PAP.

«Пракуратура скарысталася запытам аб прававой дапамозе ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, але ў змесце гэтага запыту не было інфармацыі, якая б паказвала, што яна тычылася актывіста апазіцыі, альбо ягонай апазіцыйнай дзейнасці», - напісаў у адказ на пытанні PAP Мацей Куяўскі. Агенцтва пыталая, ці перадала пракуратура (Польшчы) беларускай пракуратуры якую-небудзь інфармацыю аб банкаўскім рахунку Алеся Бяляцкага і іншых апазіцыянераў гэтай краіны.

Міхал Дворчык, сябар Фонду «Свабода і дэмакратыя», распавёў PAP, што «Беларусы ў межах прававой дапамогі звярнуліся да Польшчы з просьбай аб прадастаўленні інфармацыі аб аперацыях па банкаўскіх рахунках тых, хто звязаны з дэмакратычнай апазіцыяй і праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі».

«У канцы чэрвеня гэтага года быў дадзены станоўчы адказ і польскі бок прадаставіў інфармацыю аб банкаўскіх рахунках, у прыватнасці Алеся Бяляцкага, а таксама іншых прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі», - сцвярджае Дворчык.

«Мяркуючы па ўсім, раней беларусы звярнуліся непасрэдна ў банкі, якія адмовіліся перадаць такую ​​інфармацыю. У сваю чаргу, пракуратура не адмовіла, і на ўзроўні дырэктара аднаго з аддзелаў Генеральнай пракуратуры было прынятае рашэнне аб выдачы гэтых дадзеных», - дадаў ён.

Мацей Куяўскі ў пісьмовым адказе на пытанні PAP сказаў, што прававая дапамога па крымінальных справах паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пагадненнем аб прававой дапамозе і прававых адносінах у грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах, падпісаным у Менску 26 кастрычніка 1994 года.

«Калі запыт аб прававой дапамозе тычыцца разгляду ў крымінальнай справе, і ў ім няма дадзеных, што цяперашняе злачынства мае карані з апазіцыйнай дзейнасцю, польскія пракуроры не ў стане вызначыць, ці займаецца чалавек, паказаны ў запыце, дзейнасцю такога кшталту», - сказаў Куяўскі.

«Такім чынам, не ўяўляецца магчымым вызначыць, ці тычыліся запыты актывістаў беларускай апазіцыі», - падкрэсліў ён.

«Інфармацыя, якая змяшчаецца ў запытах замежных дзяржаваў аб аказанні прававой дапамогі тычыцца судовых разглядаў, якія праводзяцца бокам, які звяртаецца, у дадзеным выпадку гэта Рэспубліка Беларусь, і можа быць выкарыстаная толькі ў сувязі з іх ажыццяўленнем (гэтых разглядаў). Такім чынам, няма ніякіх прычынаў, каб апублікаваць змест гэтых запытаў. Калі выкананне просьбы можа пагражаць суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы дзяржавы альбо будзе супярэчыць асноўным прынцыпам заканадаўства боку, да якога звяртаюцца з запытам, то тады даецца адмова ў адпаведнасці з артыкулам 19 вышэйпаказанага пагаднення», - сказаў Куяўскі.

Апошнія навіны