BE RU EN

Памерла маці Зьмітра Дашкевіча

  • 27.04.2011, 0:38

Уночы на 26-е красавіка спынілася сэрца Вольгі Дашкевіч, маці палітвязня Зьмітра Дашкевіча.

Ёй было ўсяго 54 гады, у спадарыні Вольгі не было хранічных хваробаў, аднак апошнія месяцы яна моцна нэрвавалася й перажывала за лёс свайго сына Зьмітра.

Нагадаем, Зьмітра Дашкевіча затрымалі за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. У сакавіку суд пакараў 29-гадовага лідара “Маладога Фронту” двума гадамі калёніі быццам бы за зьдзяйсненне злоснага хуліганства – зьбіцьцё двух невядомых. Вольга Дашкевіч была так маральна зьнясіленая той сытуацыяй, што нават не змагла прысутнічаць на судзе. Пакуль што невядома, ці адпусцяць на пахаваньне маці самога Зьмітра Дашкевіча, які дагэтуль утрымліваецца ў ізалятары на Валадарскага ў Менску. Нагадаем, у 2006-2008 гадах Зьміцер Дашкевіч ужо адбываў пакараньне ў паўтара гады турмы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Тое зьняволеньне сына таксама не магло не зрабіць адбітак на здароўі маці, паведамляе «Польскае радыё».

Адпаведныя паперы, каб Зьмітра Дашкевіча адпусьцілі на пахаваньне, ягоны бацька Вячаслаў Дашкевіч плянуе падаць сёньня. Спадар Вячаслаў спадзяецца на станоўчае рашэньне, бо маці паводле закону зьяўляецца блізкім сваяком – і практыка адпусканьня на пахаваньне ёсьць. Тым часам праз маладафронтаўскіх паплечнікаў сына Вячаслаў Дашкевіч перадаў просьбу да журналістаў не асьвятляць пахаваньне жонкі ў прэсе, каб гэта засталося сьціплым сямейным рытуалам.

Вольга і Вячаслаў Дашкевіч пражылі разам 32 гады. Яны абодва працавалі журналістамі й шмат вандравалі, жылі на Далёкім Усходзе. Прыкметна, што нараджаць сына Вольга Дашкевіч прыехала ў родную Беларусь, а пасьля зноўку павернулася з мужам на Магадан. Вячаслаў Дашкевіч значна старэйшы за жонку, яму больш за 70 гадоў, ён мае кепскае здароўе. Пасьля сьмерці жонкі й зьняволеньня сына даглядаць яго цяпер няма каму.

Апошнія навіны