BE RU EN

«Труд»: Менску пагражаюць эканамічныя санкцыі

  • 16.08.2010, 9:58

Крэмль пакуль не спыняе інфармацыйную вайну з Менскам: цяпер Лукашэнка надакучыў Мядзведзеву.

Пасля таго як прэзідэнт Расеі Дзмітры Мядзведзеў нагадаў свайму беларускаму калегу Аляксандру Лукашэнку пра абяцанне прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, апошні адрокся і публічна заявіў, што Мядзведзеў яго не так зразумеў. Адказ не прымусіў доўга чакаць: з Масквы прыстрашылі давесці да агульнага ведама расшыфроўку з паседжання Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), дзе Бацька ў прысутнасці прадстаўнікоў краінаў — удзельніцаў арганізацыі дае знакамітае абяцанне, піша газета «Труд».

Версія Мядзведзева выглядае лаканічна: «Ён сказаў: «Я ўрачыста абяцаю, што я ўсё зраблю за самы кароткі час». Версія Лукашэнкі складаней: «Я яму сказаў: не праблема для Беларусі прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, і сёння не праблема. Але я яму пералічыў тыя праблемы, якія ў сувязі з гэтым узнікнуць у Беларусі».

Лукашэнка не здраджвае сабе: паабяцаць што заўгодна, а ў выніку зрабіць так, як выгодна яму. Эксперты прызнаюць: Мядзведзеву надакучыў такі стыль зносінаў.

Чарговай пікіроўкай з Крамлём кіраўнік Беларусі яшчэ раз прадэманстраваў сваю непаслядоўнасць і неадэкватнасць, лічыць дырэктар Агенцтва палітычных і эканамічных камунікацыяў Дзмітры Арлоў. «Лукашэнка верны сабе: спачатку публічна паабяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, зараз публічна ж адмаўляецца ад сваіх словаў, — заявіў ён «Труду». — Лагічна, што ў гэтай сітуацыі Крамлю зноў застаецца канстатаваць яго поўную неадэкватнасць».

Дэмарш Лукашэнкі ў будучыні не можа не адбіцца на асабістых стасунках лідэраў абедзвюх краінаў, упэўнены намеснік кіраўніка Інстытута краінаў СНД Уладзімір Жарыхін. «У вялікай палітыцы, як і ў звычайным жыцці, цяжка падтрымліваць сяброўскія стасункі з тымі, хто не выконвае сваіх абяцанняў, — кажа ён. — Як прагматычныя палітыкі Мядзведзеў і Пуцін таксама не выносяць такіх людзей, а Лукашэнка, называючы сябе саюзнікам, павёў сябе не як партнёр, адмовіўшыся ад дадзеных на словах абавязальніцтваў».

Жарыхін раіць кіраўніцтву Расеі зрабіць належныя высновы: у будучыні ніякіх дамоўленасцяў з Лукашэнкам на словах быць не павінна. «Па ўсіх пытаннях нашых стасункаў павінны быць юрыдычна аформленыя міждзяржаўныя пагадненні, у якіх будуць дакладна прапісаны абавязкі бакоў адзін перад адным», — прапанаваў эксперт.

Сварка Мядзведзева і Лукашэнкі пагражае Менску эканамічнымі санкцыямі, робіць выснову «Труд».

Апошнія навіны