BE RU EN

Жан-Клод Ван Дам у Менск не прыедзе

  • 13.08.2010, 12:33

Прадстаўнікі амерыканскай кампаніі Motion Picture Corporation of America (MPCA) не будуць здымаць фільм на базе «Беларусьфільма».

Нагодай таму паслужылі сціснутыя тэрміны рэалізацыі вельмі маштабнага праекта, піша «Народная воля».

Фільм з працоўнай назвай «Зброя» павінен быў стаць чарговым баявіком з удзелам некалі легендарнага, ну а сёння прызабытага акцёра Жан-Клода Ван Дама. Ідэя правесці здымкі ў Менску паўстала пасля таго, як студыю наведаў заснавальнік кампаніі MPCA Брэд Крэвай. Амерыканец застаўся задаволены тым, што ён убачыў у Беларусі, і прыняў рашэнне пра правядзенне здымкаў.

Айчынныя СМІ з радасцю паведамлялі пра тое, што вось нарэшце заакіянскі старэйшы кінабрат звярнуў увагу і на нас. Аднак нагодаў для радасці аказалася не так ужо і шмат. Як паведаміў «Народнай волі» намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і планаванню кінастудыі «Беларусьфільм» Іван Коўб, фільм «Зброя» ў Беларусі здымаць усё ж не будуць.

«У іх не такія тэрміны, — прызнаўся спадар Коўб. — Высвятлілася, што трэба будаваць вельмі шмат дэкарацый. А яны хацелі пакарыстацца тым, што ёсць, разбурыць усё і з'ехаць, нібыта прыехалі да дзікуноў, якія будуць радавацца ўсяму. А ў нас нельга ўзрываць бензазапраўкі і страляць на вуліцы, хай нават і халастымі патронамі. Нам патрэбны час, каб атрымаць спецыяльны дазвол.

Каб рабіць такія праекты, трэба прымаць рашэнне не на працягу трох дзён, а хоць бы за месяц. Трэба было выслаць сцэнар, каб мы ўсё вывучылі, выказалі нейкія свае прапановы, пралічылі каштарыс фільма. А тут ледзь не за тры дні ўсё трэба было вырашыць. Сцэнар мне даслалі па электроннай пошце толькі пасля іх ад'езду ў Амерыку, і трэба было тэрмінова скласці каштарыс без іх удзелу. Пры гэтым не вядома, якія будуць акцёры, хто аператар і гэтак далей».

Апошнія навіны