Паступіла пагроза ўзрывання электрычкі «Менск-Маладзечна»
- 11.08.2010, 10:28
100 пасажыраў электрычкі былі тэрмінова эвакуяваныя, але бомбы не знайшлі.
У Менскі АУС на транспарце 10 жніўня паступіла паведамленне пра тое, што ў электрацягніку Маладзечна-Менск закладзеная выбуховая прылада, паведаміў БелТА прэс-сакратар УУС на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка.
Пасля прыбыцця электрацягніка на станцыю Ждановічы былі эвакуяваныя сто пасажыраў, а цягнік перастаўлены на запасную каляіну. Аднак выбуховая прылада выяўленая не была. Супрацоўнікі Менскага АУСТ выявілі, што паведамленне паступіла ад 27-гадовай жыхаркі вёскі Краснае Маладзечанскага раёна. Яна патлумачыла, што, калі яна выйшла з гэтага цягніка на станцыі Уша, знаходзілася ў стане моцнага душэўнага хвалявання. Менавіта таму яна патэлефанавала дзяжурнай па станцыі Менск-Пасажырскі і сказала, што ў двух вагонах «адбудзецца страшнае». Пры гэтым яна не патлумачыла, што мела на ўвазе пад гэтымі словамі.
Працаўніца чыгункі адразу ж перадала інфармацыю супрацоўнікам транспартнай міліцыі, зазначыўшы пры гэтым, што, магчыма, электрацягнік можа быць замінаваны. Прававая ацэнка дзеянням жанчыны, якая тэлефанавала, будзе дадзеная па выніках праверкі, якую праводзіць міліцыя на транспарце.