BE RU EN

Адвакат Сапелка: «Аўтуховіч больш небяспечны для ўлады, чым дзеcятак палітыкаў-дэмагогаў»

  • 19.04.2010, 12:01

Вярхоўны суд працягвае разгляд крымінальнай справы Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

17 красавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе аб падрыхтоўцы тэракту выступіў адвакат Павел Сапелка. Абаронца ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча назваў працэс «вельмі рэзанансным». Адвакат заявіў, што вынікі следства былі прадвызначаныя, таму што органы замест барацьбы з карупцыяй змагаюцца з тымі, хто ёй супрацьстаіць.

«Нялішне будзе паразважаць, а чаму мэтай стаў менавіта Аўтуховіч? На маю думку, таму, што такі бізнэсмэн уладам Беларусі не патрэбны. Нармальны бізнэсмэн павінен быць напужаным, злодзеем, якога ненавідзяць людзі. Аўтуховіч да вобразу местачковага алігарха не падышоў. Ён незалежны, чысты перад законам, неабыякавы да бедаў і патрэбаў гараджанаў, а таксама валявы і рашучы ў адстойванні сваіх правоў. Ён мог бы знайсці паразуменне з уладай, але не стаў гэтага рабіць. Мог бы прагульваць свае прыбыткі, а замест гэтага займаўся дабрачыннасцю ды дапамогай тым, хто меў у гэтым патрэбу. Але вядома, што тых, каго у нас любіць народ, не вельмі любіць улада. Зняволенне ў калоніі перад гэтым арыштам не зламала яго. А такі чалавек больш небяспечны за дзесятак палітыкаў-дэмагогаў, псеўдалідэраў псеўдаструктураў», - цытуе «Радыё Свабода» Паўла Сапелку.

Справу супраць Мікалая Аўтуховіча сфальшавалі ад пачатку да канца, заяўляе адвакат. Павал Сапелка прааналізаваў абвінавачванне на адрас Мікалая Аўтуховіча - эпізод за эпізодам - і доказы віны, якія прадставіла следства. Большасць з іх адвакат назваў альбо неістотнымі, альбо здабытымі з парушэннем закону, як, прыкладам, абрэз вінтоўкі ТОЗ-16, з якой нібыта рыхтаваўся замах на высокапастаўленых асобаў на заказ прадпрымальніка.

«Абрэз – гэта якраз той рэчавы доказ, які здабыты з відавочным парушэннем закону. Бо няма ніводнага закону, які б дазволіў следству адправіць чалавека знайсці абрэз, перахаваць, а потым, сабраўшы дэкарацыі ў выглядзе сведак, яго нібыта знайсці. Гэта ж тычыцца ня толькі абрэза, а і толавай шашкі, дэтанатара, які таксама нібыта знайшлі разам з ім. Не можа быць доказам тое, што здабыта праз парушэнне закону. Спадзяюся, суду таксама зразумелыя наступствы гэтага», - заявіў Павал Сапелка.

Павал Сапелка лічыць, што ўвогуле не было ніякай змовы паміж Аўтуховічам і Ларыным адносна замаху на былога старшыню Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку. Большасць паказанняў Аляксандра Ларына адвакат назваў наўмысным паклёпам, зробленым на загад следства.

Павал Сапелка нагадаў, што яго падабаронны ў часе нібыта замаху на Саўчанку быў пад арыштам і не меў рэальных магчымасцяў кіраваць дзеяннямі Ларына з-за кратаў.

Што да сачэння за намеснікам міністра па падатках і зборах Васілём Камянком, якое прызнае Аўтуховіч, дык адвакат выказаўся наступным чынам: «Закон не забараняе людзям збіраць інфармацыю пра іншых людзей, калі гэта не суправаджаецца парушэннем закону».

Аўтуховіч неаднаразова заяўляў у судзе пра датычнасць намесніка міністра да карупцыі і пра тое, што ён сабраў дастаткова доказаў, каб «Камянко апынуўся там, дзе цяпер сядзіць ён». Васіль Камянко ў судзе абверг абвінавачанні Аўтуховіча ў злоўжываннях.

«Гэта канфлікт дзяржаўных чыноўнікаў з людзьмі сумленнымі, якімі пры іншых абставінах народ мог бы ганарыцца. Не толькі паслухаўшы адваката, але і з прачытанага раней па гэтай справе мяркую, што гэта чыстая падтасоўка» - кажа пісьменнік Васіль Якавенка, які назіраў усе гэтыя дні за працэсам.

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прызнаць Мікалая Аўтуховіча вінаватым у падрыхтоўцы тэракту, захоўванні зброі і ў падпалах і прысудзіць да 20 гадоў пазбаўлення волі. З Уладзіміра Асіпенкі знялі абвінавачванні ў падпалах, але пракурор просіць прысудзіць яго да 11 гадоў пазбаўлення волі, Аляксандра Ларына - да 11 гадоў турмы, Міхаіла Козлова - да трох гадоў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму.

- Прамова пракурора відавочна была падрыхтаванай, на 20-ці старонках. Патрабаванне пракурора выклікала шок ва ўсіх - у суддзі, у міліцыі. Чаму такія велізарныя тэрміны пры такой слабой абвінаваўчай базе? Усё тлумачыцца проста: наперадзе прэзідэнцкія выбары. Гэта сігнал усім, хто захоча пайсці на прэзідэнцкія выбары: бойцеся! І неістотна, што ўсё сведчыла на карысць спынення крымінальнай справы; робяць як 37-м годзе: паступіў загад - выконваюць, - так ахарактарызаваў тое, што адбываецца, ў інтэрв'ю сайту «Беларускі партызан» праваабаронца Алег Воўчак.

Апошнія навіны