BE RU EN

Лукашэнка: Калі мы будзем так гуляць у кахей, то лепей на алімпіяды не ездзіць

  • 12.03.2010, 15:22

Беларускі кіраўнік раскрытыкаваў выступленне зборнай Беларусі па хакеі на зімовай Алімпіядзе.

«У мяне гэтае выступленне (на Алімпіядзе) выклікае не толькі занепакоенасць, але і незадаволенасьць», - прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі з нарады па пытаннях развіцця хакея з шайбай у краіне «Інтэрфакс».

Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што «Алімпійскія гульні прыходзяць і сыходзяць, а наперадзе чэмпіянат свету ў Нямеччыне».

«Калі мы будзем так гуляць, як у Ванкуверы, то лепш туды не ехаць. Навошта марнаваць грошы, сцябаць народ па мазгах і сэрцу, расстройваць людзей», - заявіў А. Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці «мы былі чацвёртымі, а ў Ванкуверы - не тое дзевятыя, не тое дваццатыя. Лічыце, як хочаце, але адкат прыстойны».

Паводле яго слоў, «з савецкіх часоў мы прызвычаіліся ехаць некуды гуляць. У хакей сёння не гуляюць, у хакей сёння б'юцца, асабліва на Алімпіядзе і Чэмпіянатах свету, а вы едзеце гуляць і катацца на лёдзе».

Лукашэнка адзначыў: «нам трэба разгледзець таксама пытанне функцыянавання хакейнага клуба «Дынама-Менск».

«Калі мы будзем і ў наступным годзе гуляць у КХЛ як сёлета, то лепш выдаткаваць грошы ўнутры краіны і не падарожнічаць ад Уладзівастока да Берасця па бяскрайняй прасторы былога Савецкага Саюза», - заявіў беларускі кіраўнік.

«Выступленне «Дынама»- гэта проста невыносна і нецярпіма. Гэтага больш не будзе. Альбо вы будзеце гуляць у КХЛ, альбо не ведаю, як вы будзеце дарастаць у Беларусі да той барацьбы, якая ўласціва ў КХЛ», - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «асобныя матчы проста агідна было глядзець».

«Каманда гуляць магла, але гуляла не роўна, што сведчыць аб безадказнасці як кіраўніцтва федэрацыі хакея, кіраўніцтва каманды, так і саміх гульцоў», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў: «Дзяржаве, ва ўмовах фінансавага эканамічнага крызісу, недапушчальна марнаваць грошы ўпустую, як гэта было да гэтага часу».

«Таму ні ў Беларусі, ні на міжнародных арэнах на вялікія грошы без эфектыўнай аддачы вы больш не можаце разлічваць», - сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік таксама паведаміў, што яму сёння «падкідваюць лісты, што трэба яшчэ адну-дзве каманды накіраваць у КХЛ, у тым ліку -«Юнацтва» (Менск)».

«Я не супраць. Але толькі калі першая каманда («Дынама-Менск») атрымае бронзавыя медалі ў КХЛ. Таму размову пра тое, што яшчэ трэба тры каманды ў КХЛ накіраваць, трэба спыніць. Калі ў кагосьці ёсць грошы, плаціце і гуляйце. Але да мяне за грашыма хадзіць не трэба», - заявіў Лукашэнка.

Ён таксама закрануў тэму заробкаў і прысутнасці легіянераў у беларускім хакеі.

Што тычыцца заробкаў, то дай Бог кожнаму ў нашай краіне мець такую зарплату, якую маюць у сярэднім нашыя хакеісты», - сказаў Лукашэнка. Што тычыцца легіянераў, то, заявіў Лукашэнка, «вызначыцеся, колькі іх павінна быць».

«Але канцэптуальна і непахісна адно: свой хакей трэба развіваць», - заявіў кіраўнік. Гэта, паводле яго слоў, тычыцца не толькі спартсменаў. «Не паспелі даручыць Бародзічу (Юрый Бародзіч - старшыня БФСТ «Дынама») прадаставіць канцэпцыю клуба «Дынама-Менск» як ён мне прывёз нейкага чыноўніка з Расеі. Як быццам у нас усе дурні і не могуць быць менеджэрам ці выканаўчым дырэктарам гэтага клуба», - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, «узначальваць павінны спецыялісты». «А не шарлатанствам займацца, як гэта было ў Федэрацыі хакея: разагналі кіраўніцтва клуба «Дынама-Менск», са зборнай павыганялі ўсіх. Вось і вынік. Гэта галавацяпства Федэрацыі хакея пры папушчальніцтве памочніка прэзідэнта і міністра (міністр спорту і турызму)», - заявіў кіраўнік.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, «што прад'яўляць сёння прэтэнзіі трэба Андрыеўскаму (Аляксандр Андрыеўскі - галоўны трэнер «Дынама-Менск») і Захараву (Міхаіл Захараў - галоўны трэнер хакейнай зборнай на Алімпіядзе). Калі яны на маршы схапілі гэтыя каманды, самі былі не гатовыя і каманды не змаглі падрыхтаваць», - сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, што 11 сакавіка, стала вядома, што Міхаіл Захараў, які ўзначальваў хакейную зборную Беларусі на апошніх Алімпійскіх гульнях, склаў свае абавязкі адразу ж пасля завяршэння спаборніцтваў у Ванкуверы.

Апошнія навіны