BE RU EN

«Беларусьфільму» наказалі прапагандаваць размеркаванне ў вёскі

  • 18.02.2010, 15:55

Кінастудыя здыме камедыю, у якой распавядзе пра плюсы сельскай працы для маладых спецыялістаў.

«Беларусьфільм» плануе зняць новую рамантычную камедыю пра выпускніцу каледжа, якую размеркавалі на працу ў вёску. Здымкі фільма пад назвай «Дотык» пачнуцца ўжо ў траўні і працягнуцца да канца лета. У карціне моладзі паспрабуюць паказаць станоўчыя бакі працы ў сельскай мясцовасці. А сама назва фільма сімвалізуе менавіта сутыкненне гарадскога жыхара з новым вясковым жыццём, паведаміла «Еўрарадыё» рэдактар фільма Марыя Савельева.

«Пытанне гэтае вельмі актуальнае. Маладых спецыялістаў, нават менчукоў, адпраўляюць у розныя далёкія месцы супраць іх волі нават. Мы хочам паказаць, што гэта не так і страшна, там таксама вельмі цікавыя людзі і, магчыма, менавіта там ёсць тое, чаго больш нідзе і не знойдзеш», -- распавяла Марыя Савельева.

Галоўным рэжысёрам фільма будзе Віталь Дудзін, знаёмы гледачам па драме «Кадэт» ці карціне «Тры жанчыны і мужчына». А вось аўтарам ідэі фільма стаў Зміцер Якутовіч, аўтар сцэнараў для мультфільмаў (напрыклад, «Аповесць мінулых гадоў»).

Паводле сюжэту галоўная гераіня Каця, выпускніца гандлёвага каледжа, трапляе ў вёску і ўладкоўваецца на працу ў аўталаўцы. Адсюль і першая назва фільма — «Аўталаўка», якая не спадабалася рэдактарам, паведаміў сцэнарыст Зміцер Якутовіч.

«Дотык» — гэта ўжо другая назва, а першая была «Аўталаўка». Але яна неяк не прыжылася, рэдактура палічыла, што яна раздражняе, кіраўніцтву можа не спадабацца. Таму і перайменавалі. Ну, рамантычна, так, але не зусім дакладна. Мне больш падабаецца «Аўталаўка», -- сказаў Якутовіч.

Аўталаўка ўяўляе сабой звычайную машыну, што развозіць прадукты па маленькіх вёсках, у якіх не будавалі крам. Менавіта з кіроўцам лаўкі Пятровічам ў выпускніцы каледжа Каці і разгортваюцца рамантычныя адносіны. Паводле ўсіх законах жанру паміж імі не ўсё ідзе адразу гладка, героі спрачаюцца, а напрыканцы нават сварацца — і Каця вяртаецца ў Менск, а Пятровіч пачынае працаваць дальнабойшчыкам. Аднак героі ўсё ж вырашаюць, што не могуць жыць адно без аднаго і без сваёй вясковай аўталаўкі, таму вырашаюць вярнуцца.

Хто сыграе Кацю і Пятровіча, пакуль невядома: рэжысёр Віталь Дудзін яшчэ не знайшоў адпаведныя кандыдатуры. Таму паўдзельнічаць у кастынгах, якія адбудуцца ўжо ў сакавіку, можа кожны жадаючы.

Здымаць меладраму з элементамі камедыі будуць у Смалявічах ці ў Лагойску, а яе прэм’ера, па словах рэдакцыі, адбудзецца ў студзені наступнага года.

Апошнія навіны