BE RU EN

Дамова з Расеяй не заключаная, але нафта ідзе

  • 4.01.2010, 17:43

Прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін даручыў віцэ-прэм'еру Ігару Сечыну уладзіць усе праблемы з Беларуссю.

Расея працягвае транзіт нафты праз Беларусь і пачала адгрузку на беларускія НПЗ, нягледзячы на адсутнасць пагадненняў з Менскам аб бяспошлінных пастаўках нафты. Пра гэта, як паведамляе РИА «Новости», заявіў віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын 4 студзеня на сустрэчы з расейскім прэм'ер-міністрам Уладзімірам Пуціным.

«Мы працягваем транзіт бесперашкодна ў бок заходнееўрапейскіх спажыўцоў, і ўчора пачаліся адгрузкі на беларускія НПЗ: на Наваполацкі НПЗ - каля 100 тыс. тон нафты і 78 тыс. тон нафты на Мазырскі НПЗ таксама пачалі адгружаць», - цытуе Ігара Сечына «Інтэрфакс».

Сечын нагадаў, што 1 студзеня 2010 года дзеянне паніжаючых каэфіцыентаў пры пастаўках нафты ў Беларусь спынілася. Разам з тым, з улікам «эксклюзіўнага стаўлення» да беларускіх партнёраў Расея прапанавала захаваць ільготны (бяспошлінны) рэжым паставак у аб'ёме да 6 мільёнаў тон.

Расейскі бок, паводле Сечына, перадаў усе прапановы беларускім партнёрам.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін заявіў Сечыну: «Спадзяюся, што дамоўленасці будуць дасягнуты ў самы бліжэйшы час, зыходзячы з нашых агульных інтарэсаў і з дзеючага ў Расеі заканадаўства».

«Так і будзем працаваць», - адказаў віцэ-прэм'ер.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, Беларусь і Расея так і не змаглі падпісаць пагадненне аб умовах пастаўкі нафты ў запланаваны тэрмін, 30-31 снежня. Расея абвесціла пра рашэнне пастаўляць нафту ў Беларусь з 1 студзеня 2010 года, уключаючы ў кошт 100% стандартную экспартную пошліну. У 2009 годзе ў кошт уваходзіла спецпошліна ў памеры 35,6% стандартнай экспартнай пошліны.

У адказ урад Беларусі заявіў аб беспрэцэдэнтным ціску з боку Расеі на перамовах аб пастаўках нафты. Пры гэтым абодва бакі пацвердзілі гатоўнасць працягваць перамовы.

Перамовы па нафце аднавіліся 2 студзеня -- гэта пацвердзіла 3 студзеня памочніца міністра энергетыкі РФ Ірына Есіпава. «Транспартоўка ажыццяўляецца ў поўным аб'ёме, перамоўны працэс у цяперашні час працягваецца», — паведаміла яна журналістам, адмовіўшыся паведамляць дэталі.

У той жа дзень віцэ-прэзідэнт кампаніі «Транснафта» Міхаіл Баркоў заявіў, што Расея ні пры якіх абставінах не скароціць аб'ём транзіту нафты праз Беларусь. Што датычыць паставак нафты беларускаму боку, дык тут усё залежыць ад пазіцыі Менска, дадаў ён.

У сваю чаргу агенцтва Reuters са спасылкай на расейскіх нафтарэйдараў паведаміла, што Расея з 2010 года спыніла пастаўкі нафты на беларускія перапрацоўчыя заводы. Аднак прадстаўнік «Белнафтахіма» Марына Касцючэнка аспрэчыла дадзеную інфармацыю.

Апошнія навіны