BE RU EN

Reuters: Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь

  • 3.01.2010, 17:25

Пасля перамоваў аб умовах экспарту нафты ў Беларусь, Расея спыніла пастаўкі на беларускія НПЗ, паведамляе агенцтва Reuters.

У адказ Беларусь пагражае выхадам з Мытнага саюза. Як паведамляе Reuters, транзіт нафты праз Беларусь у Германію і Польшчу працягваецца ў ранейшым рэжыме. Па словах прадстаўнікоў двух расейскіх нафтатрэйдэраў, пастаўкі спыненыя з 1 студзеня, аднак Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы маюць запас сыравіны, дастатковы для працягвання вытворчасці на працягу тыдня.

Дыспетчар прадпрыемства «Гомельтранснафта» не змог ні пацвердзіць, ні абвергнуць «Радыё Свабода» інфармацыю аб спыненні паставак расейскай нафты на беларускія НПЗ, заявіўшы, што не ўпаўнаважаны на гэта. З кіраўніцтвам кампаніі звязацца не атрымліваецца. Дзяжурная па канцэрну «Белнафтахім» адзначыла, што нічога не можа сказаць на гэтую тэму. Прэс-сакратар урада Беларусі Аляксандр Цімашэнка інфармацыяй на гэты конт не валодае.

Як паведамляе Reuters, беларускі бок у адказ на патрабаванне 100-адсоткавай аплаты мытных плацяжоў пагражае, што ўзніме плату за транзіт расейскай нафты ў Еўропу да 45 даляраў за тону.

Як заявіў прадстаўнік беларускага ўрада «Интерфаксу», у такіх умовах Беларусь лічыць бессэнсоўным удзел у Мытным саюзе, які пачаў функцыянаваць з 1 студзеня.

«Вывад гандлю нафтай па-за межы канфігурацыі Мытнага саюза стварае небяспечны прэцэдэнт. За гэтым можа пачацца жаданне аналагічным спосабам паступіць з газам, электраэнергіяй і іншымі таварамі. Новыя падыходы Расеі да гандлю нафтай з Беларуссю сур'ёзна падрываюць узгодненую канструкцыю Мытнага саюза. У такім выпадку Беларусь не бачыць для сябе перспектывы», - адзначыў ананімны беларускі чыноўнік.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, у мінулы чацвер Беларусь і Расея на перамовах у Маскве не змаглі ўзгадніць ўмовы гандлю нафтай у 2010 годзе.

Раней віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын паведамляў, што калі пагадненне аб часовых пастаўках нафты з Расеі ў Беларусь у 2010 годзе не будзе падпісанае, дык з 1 студзеня 2010 г. уступіць у дзеянне звычайны рэжым паставак энергарэсурсаў у Беларусь, які прадугледжвае выплату 100% мытных плацяжоў.

Сечын заявіў, што Расея прапанавала Беларусі з улікам «братэрскіх адносінаў» дзвюх краінаў бяспошлінныя пастаўкі нафты. Гэты аб'ём паставак ацэньваецца ў 5-6 мільёнаў тон у год. Пры гэтым бяспошлінна можа пастаўляцца толькі нафта для ўнутранага спажывання Беларусі, увесь астатні аб'ём будзе абкладацца экспартнымі пошлінамі.

Паводле дадзеных віцэ-прэм'ера, па трубаправодах ў Беларусь у 2009 годзе экспартавана да 21 мільёна тон нафты, яшчэ 4-5 мільёнаў тон - чыгуначным і аўтамабільным транспартам.

Расейскія пастаўшчыкі нафты гарантуюць выкананне сваіх абавязальніцтваў па пастаўках у адпаведнасці з дзеючымі кантрактамі для спажыўцоў як у Беларусі, так і ў Еўропе, заявілі ў расейскім урадзе.

Прэс-служба ўрада РФ заявіла, што расейскі бок у поўнай адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі на паседжэнні вышэйшага Дзяржсавета РФ - Беларусь у Маскве, зрабіў усё магчымае для заключэння да Новага года міжурадавага пагаднення, якое будзе рэгуляваць пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь.

У гэтай сувязі беларускі бок паінфармаваны пра пераход расейскага боку да спагнання з 1 студзеня мытных плацяжоў у поўным аб'ёме на нафту, якая пастаўляецца.

Апошнія навіны