BE RU EN

Суды над арыштаванымі віцебскімі апазіцыянерамі перанесеныя

  • 18.01.2010, 16:04

Актывісты БХД Алесь Галавань і Валеры Раманенка вызваленыя да 2 лютага.

Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

Паводле яго словаў, 18 студзеня ў Першамайскім раённым судзе Віцебска павінен быў адбыцца разгляд іх справы. Галавань і Раманенка былі затрыманыя днём 15 студзеня і дастаўлены ў Першамайскі РАУС. «Галаваня ўзялі каля паліклінікі, куды ён прыйшоў у сувязі з пнеўманіяй, Раманенку - каля пад'езда свайго дома», - сказаў Севярынец.

Маладых людзей абвінавачвалі ў тым, што яны знаходзіліся ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе. «Галавань і Раманенка запатрабавалі сабе адвакатаў. Акрамя таго, у судзе высветлілася, што ў іх было канфіскавана чатыры бел-чырвона-белых сцяга. Раманенку таксама інкрымінавалі, што ён пры затрыманні крычаў «Жыве Беларусь!», - Паведаміў Севярынец.

Суд прыняў рашэнне вызваліць маладых людзей з-пад варты да суду, які адбудзецца 2 лютага.

Севярынец таксама паведаміў, што асуджаны ў Віцебску на сем сутак адміністрацыйнага арышту актывіст апазіцыі Тарас Сурган пераведзены з ізалятара часовага ўтрымання ў інфекцыйную бальніцу. Дактары паставілі яму дыягназ «ВРЗ».

Апазіцыянеры звязваюць сваё затрыманне з нядаўняй сустрэчай з іншымі віцебскімі актывістамі, знаёмымі Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай гарадской ёлцы і зараз знаходзіцца пад крымінальным следствам.

Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў. 13 студзеня супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус кватэры рэдактара інтэрнэт-газеты «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро, у выніку чаго ў журналіста былі канфіскаваныя сістэмныя блокі ад двух кампутараў, чатыры старыя вінчэсцеры, лічбавы фотаапарат-«мыльніца», штодзённік і флэш-карта на 8 мегабайт.

Апошнія навіны