BE RU EN

Барацьба з імпартам даходзіць да абсурду: новыя ўказы бізнэсу

  • 11.09.2009, 9:54

Урад прапаноўвае прыватнаму бізнэсу наладзіць у Беларусі выпуск шырокага спектру імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Лісты з канкрэтнымі пералікамі тавараў міністэрствы і ведамствы, спасылаючыся на пратакол паседжання прэзідыўма Саўміна ад 15 жніўня, разаслалі ў бізнэс-саюзы з просьбай у найкарацейшыя тэрміны паінфармаваць сваіх чальцоў і даць адказ. Праўда, у прадпрымальніцкіх аб'яднаннях лічаць, што гэтая ініцыятыва ўладаў наўрад ці выканальная, паведамляе сайт «Беларускія навіны».

Да прыкладу, пералікі імпартазамяшчальнай прадукцыі з прапановай наладзіць іх вытворчасць альбо пастаўкі для сваіх падведамасных прадпрыемстваў разаслалі канцэрны «Беллеспаперапрам», «Белбіяфарм», «Беллегпрам», «Белнафтахім», аблвыканкамы, некаторыя прадпрыемствы (у прыватнасці, Менскі прыборабудаўнічы завод) і нават Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.

Нагадаем, дзеля эканоміі валютных сродкаў урад у апошні час імкнецца звесці да мінімуму любыя закупкі па імпарце дзяржаўнымі арганізацыямі. У жніўні была прынятая пастанова № 1000 з грыфам ДСК, згодна з якой гэтыя пытанні вырашаюцца толькі па ўзгадненні з вышэйшым начальствам, міністрам ці яго намеснікамі. «Экспарт знізіўся, валютная выручка знізілася, таму трэба эканоміць. Акрамя эканамічных мераў (тэндэр, конкурс), прыходзіцца ўжываць адміністрацыйныя меры, каб эканоміць выдаткоўванне валютных сродкаў», — заявіў нядаўна БелТА начальнік упраўлення прамысловасці Мінэканомікі Уладзімір Дзярнавы.

Праўда, эксперты лічаць, што ў выніку такіх перакосаў у шмат якіх дзяржарганізацыяў могуць узнікнуць складанасці з тымі ці іншымі відамі тавараў для вытворчасці ўласнай прадукцыі. Дзяржорганы якраз і разлічваюць на тое, што бізнэс наладзіць выпуск імпартных аналагаў у Беларусі. У прыватнасці, як вынікае з пераліку Менскага аблвыканкама, падпарадкаваныя яму прадпрыемствы маюць патрэбу ў такіх відах імпартазамяшчальнай прадукцыі, як мак харчовы, сухафрукты, ванілін, какава-парашок, канцэнтрат экзатычнай садавіны, кандытарская глазура, гваздзікі, каляндра, мускатны арэх, цынамон, лаўровы ліст (для харчовай прамысловасці); аконная ручка, сілікон, дзвярная і аконная фурнітура, шліфшкурка (для вытворчасці будматэрыялаў); штучныя кветкі, камень Карэльскага габра (для рытуальных паслугаў); мэблевая тканіна, папера афсетная, тонкая папера, мелаваная папера, фурнітура мэблевая, аздобныя матэрыялы, трыкатажнае палатно, швейная фурнітура (для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці). Усяго ў пераліку больш за сто найменняў.

Аб'ёмныя спісы ў «Белнафтахіма» і «Беллегпрама». Апошні, да прыкладу, прапаноўвае бізнэсу наладзіць вытворчасць кручкоў, завесаў, зашпілек-маланак, скрынак, торбаў, кошыкаў, баваўняных тканінаў, адыходаў льна (!), частак абутку, трыкатажнага палатна.

Як адзначаюць у бізнэс-саюзах, яны апынуліся ледзь не заваленыя прапановамі ад дзяржорганаў. Апошнія самі падышлі да гэтага пытання шмат у чым фармальна. Большасць з іх накіравалі свае пералікі (па сто і больш старонак) у бізнэс-саюзы ў папяровым выглядзе па факсе, а хтосьці даслаў і звычайнай поштай. Як у такім выпадку магчыма аператыўна давесці інфармацыю да бізнэсу, уявіць даволі складана.

Пры гэтым дзяржорганы прыспешваюць бізнэс-саюзы з адказам. «У пачатку верасня нам выслалі пералікі з просьбай да 8 верасня паінфармаваць сваіх чальцоў і даць адказ дзяржорганам, вытворчасць якіх відаў прадукцыі гатовыя наладзіць прыватныя прадпрыемствы», — адзначыла віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль.

Аднак малаверагодна, што бізнэс масава адгукнецца на прапанову ўладаў. «За тыдзень такія пытанні не вырашаюцца. Гэта нерэальна. Магчыма, хтосьці з прадпрымальнікаў саспее да прапановаў стварыць выпуск праз паўгады, а хтосьці палічыць гэта эканамічна немэтазгодным», — лічыць суразмоўніца «Беларускіх навінаў».

Пры гэтым сама па сабе ідэя ўцягнуць прыватны бізнэс у вытворчасць нядрэнная, лічыць Лілія Коваль: «Раней сістэматызаванай інфармацыі ад дзяржорганаў, у якой прадукцыі ёсць запатрабаванне ў дзяржаўных прадпрыемстваў, не было. Аднак гэта не павінна адбывацца ў спешцы».

Між тым у кантрольных органаў пакуль яшчэ шмат прэтэнзіяў да якасці прадукцыі, якая выпускаецца ў межах імпартазамяшчэння. Дакладаючы днямі Лукашэнку аб выкананні гэтай праграмы, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць заявіў, што «сітуацыя не змяняецца, асобныя віды імпартазамяшчальнай прадукцыі застаюцца незапатрабаванымі на складах вытворцаў». У прыватнасці, ён прывёў прыклад, калі ніводзін аблвыканкам не выканаў даручэнне кіраўніка дзяржавы аб поўным імпартазамяшчэнні кармавых кансервантаў. У 2009 годзе ў краіне доля імпартных кансервантаў склала 79% ад агульнага аб'ёму закупленых.

Апошнія навіны