BE RU EN

Юры Лявонаў: Еўразвяз не павінен верыць заказным «экспертызам»

  • 25.08.2009, 10:26

Палітвязень заклікае ЕЗ правесці незалежнае расследаванне справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў.

Зварот Юрыя Лявонава быў накіраваны ў амбасаду Швецыі, якая старшынюе ў Еўразвязе, а таксама ў прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі.

Прадпрымальнік упэўнены, што крымінальны пераслед Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і яго самога звязаны з арыштамі 2006 года.

«З 8 лютага па 8 жніўня 2009 года я знаходзіўся ў турме (СІЗА №1 г.Менска) па абвінавачванні ў наўмысным знішчэнні маёмасці чыноўнікаў. Такое ж абвінавачванне было прад'яўлена арыштаваным разам са мной Мікалаю Аўтуховічу і Уладзіміру Асіпенку. Пацярпелыя па гэтым злачынстве не маюць да нас ніякіх прэтэнзіяў, бо вінаватыя ў ім асуджаныя і кампенсавалі шкоду.

З 6 ліпеня 2006 года па 25 лютага 2008 года я адбываў пакаранне па прысудзе Кастрычніцкага суда г.Гародні ў турме г.Гародні, а затым у калоніі (ВК-2) г.Бабруйска. Разам з М. Аўтуховічам нам было прад'яўленае абвінавачванне ў эканамічных злачынствах.

Я лічу абедзве гэтыя справы ўзаемазвязанымі, больш за тое, абедзьве гэтыя справы з'яўляюцца працягам цэлага шэрагу гаспадарчых судовых працэсаў, якія прайшлі ў Вышэйшым Гаспадарчым судзе РБ і абласным Гаспадарчым судзе г.Гародні ў 2004-2005 гадах, дзе я разам з М. Аўтуховічам адстойваў сваю слушнасць у выкарыстанні наватарскіх метадаў вядзення эканамічнай дзейнасці. Такім чынам, пачаткам пераследу і фактычнага разарэння мяне і М.Аўтуховіча можна лічыць падатковыя праверкі на нашых прадпрыемствах, якія пачаліся ў сярэдзіне 2003 года і працягваліся на працягу паўтарох гадоў і былі звязаныя з уступамленнем у сілу абмежаванняў на прадпрымальніцкую дзейнасць, усталяваных Дэкрэтам № 4 Прэзідэнта РБ», -- заяўляе палітвязень.

Юры Лявонаў не бачыць сэнсу шукаць справядлівасць у беларускіх судах.

«Сёння я не бачу сэнсу звяртацца ў канстытуцыйныя органы РБ у сувязі з тым, што за перыяд, які прайшоў , толькі мною было падрыхтавана і адпраўлена каля сарака скаргаў і зваротаў у розныя інстанцыі, прыкладна столькі ж адправіў М.Аўтуховіч, аднак мы не атрымалі ніводнага адказу, у якім бы нашыя аргументы аспрэчваліся са спасылкамі на канкрэтныя нормы беларускага заканадаўства. Усе гэтыя дакументы ў мяне ёсць, і я гатовы падаць іх любой афіцыйнай асобе. Больш за тое, у мяне ёсць заключэнне экспертнай камісіі, складзенай са спецыялістаў шасці беларускіх міністэрстваў і ведамстваў, зробленае ў 2005 годзе з захаваннем усіх патрабаванняў беларускіх законаў, аднак Кастрычніцкі суд г.Гародні ў 2006 годзе пры разглядзе нашай справы не палічыў патрэбным «прыняць да ўвагі» гэты дакумент», -- піша прадпрымальнік.

Палітвязень звяртае ўвагу на візіт у Менск нямецкага эксперта Марціна Фінке, які правёў «экспертызу» справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў па замове беларускіх уладаў.

«Са сродкаў масавай інфармацыі мне стала вядома пра тое, што на запрашэнне беларускіх уладаў з 10 па 12 чэрвеня з нашай справай знаёміўся Марцін Фінке, нямецкі спецыяліст у галіне крымінальнага права. Яго заключэнне заснаванае выключна на матэрыялах абвінавачвання без нашага ўдзелу. Падрыхтоўкай заключэння беларускімі ўладамі пераследваліся палітычныя мэты – яно накіраванае дэпутатам Еўрапарламента і амбасадам краінаў Еўразвяза ў Беларусі.

Маніпуляванне ўладамі меркаваннем еўрапейскіх палітыкаў адносна нашай справы ставіць пад пагрозу рэалізацыю праграмы ЕЗ Усходняе партнёрства. Падпісаннем пражскай дэкларацыі Беларусь узяла на сябе абавязальніцтва пабудовы партнёрства на аснове вяршэнства закона і захавання правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Я далучаюся да прапановы прадпрымальнікаў, накіраванай ў ваш адрас, аб правядзенні экспертызы ў межах шматбаковага супрацоўніцтва Усходняга партнёрства па нашай крымінальнай справе і «справе–14», па якіх да пазбаўлення волі асуджаны актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі. Матывамі нашага пераследу з'яўляюцца нашая актыўная грамадская дзейнасць, наш пратэст супраць адміністрацыйнага абмежавання прадпрымальніцкай дзейнасці і барацьба з карупцыяй.

У выніку вядомых прычынаў грамадзяне Беларусі сёння пазбаўленыя доступу да юрысдыкцыі Еўрапейскага Суда па правах чалавека. Рэалізацыю сваіх правоў на справядлівы суд мы звязваем з праграмамі еўраінтэграцыі, у якіх удзельнічае нашая краіна. Толькі гэта дазволіць выкарыстаць эфектыўнасць права ў інтэрасах кожнага беларуса, а праз тых, хто ўтрымлівае ўладу, з дапамогай заказных экспертызаў», -- заявіў Юры Лявонаў.

Нагадаем, што Юры Лявонаў быў арыштаваны 8 лютага ў Ваўкавыску разам з прадпрымальніка Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам. 18 лютага прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонаў быў вызвалены з-пад варты 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа распачацца ў лістападзе.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны