BE RU EN

Памочнік Мядзведзева: Калі Лукашэнка едзе ў Бішкек, значыць, павінен усё падпісаць

  • 29.07.2009, 18:03

У Крамлі ўпэўненыя, што беларускі кіраўнік падпіша і пагадненне аб стварэнні сілаў аператыўнага рэагавання.

Масква разлічвае, што Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у нефармальным саміце АДКБ у Кыргызтане ў пятніцу, 31 ліпеня, дзе падпіша ўсе неабходныя дакументы па стварэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР). Пра гэта сёння, 29 ліпеня, заявіў памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька.

«Калі ён (Лукашэнка) туды едзе, значыць павінен падпісаць (дакументы)», - адзначыў Прыходзька.

Нагадаем, у чэрвені Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у саміце АДКБ, дзе былі падпісаныя дакументы аб стварэнні КСАР. Акрамя Беларусі, пагадненне тады не падпісаў Узбекістан. Прычынай адсутнасці беларускай дэлегацыі сталі рознагалоссі з Масквой па пытанні паставак малочнай прадукцыі, нагадвае «Тэлеграф».

Як вядома, рашэнне аб фармаванні КСАР было прынятае на пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі чацвёртага лютага гэтага года кіраўнікамі краінаў АДКБ - Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызтана, Расеі, Таджыкістана і Узбекістана.

У ліку асноўных мэтаў стварэння КСАР - умацаванне бяспекі краінаў АДКБ на фоне існуючых і патэнцыйных пагрозаў, уключаючы тэрарызм, экстрэмізм і наркатрафік, папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама забеспячэнне эфектыўнага ўдзелу АДКБ у падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

КСАР будуць складацца з вайсковага кантынгенту (высокамабільных частак і злучэнняў дзяржаў-чальцоў АДКБ, абсталяваных сучаснымі і сумяшчальнымі ўзбраеннем і тэхнікай) і фармаванняў спецыяльнага прызначэння, куды ўвойдуць спецпадраздзяленні праваахоўных органаў, службаў бяспекі і органаў па папярэджанні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацыяў.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што КСАР ствараецца таксама дзеля задушэння выступаў дэмакратычнай апазіцыі ў краінах-удзельніцах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

Апошнія навіны