BE RU EN

Лукашэнка адмовіўся ехаць на скачкі да Мядведзева

  • 16.07.2009, 13:58

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Маскве Алег Іваноў паведаміў, што беларускі кіраўнік «у такім мерапрыемстве, як скачкі, свой удзел не плануе».

Аб гэтым беларускі дыпламат паведаміў сёння агенцтву «Інтэрфакс».

Нагадаем, што замест традыцыйнага нефармальнага саміту СНД прэзідэнты ў суботу сустрэнуцца на скачках на прыз прэзідэнта Расеі. З 11 лідэраў краін СНД (пасля вайны ў Паўднёвай Асеціі аб выхадзе з СНД заявіла Грузія) у Маскву прыедуць не ўсе. Пакуль свой удзел у мерапрыемстве на ўчорашні дзень пацвердзілі толькі пяцёра: лідэры Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана і Малдовы. Удзел у мерапрыемстве таксама могуць прыняць прэзідэнты непрызнаных Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

Адмова Лукашэнкі ехаць у Маскву выклікае здзіўленне. Учора газета «Ведомости» напісала: «Тых, хто даедзе да Масквы сёлета, чакаюць шчодрыя падарункі. Дзярждума ратыфікавала дамову аб антыкрызісным фондзе ЕўрАзЭС. Траншы з фонду, $7,5 млрд у які ўклала Расея, па словах дэпутата Дзярждумы, пойдуць у першую чаргу ў Беларусь і Кыргызтан. Менску, заявіў на мінулым тыдні міністр фінансаў Аляксей Кудрын, ужо абяцана $500 млн».

Нагадаем, што ў чэрвені беларускі кіраўнік адмовіўся прыехаць у Маскву на саміт АДКБ з-за «малочнай вайны». Тады Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расею больш за 1000 відаў беларускіх малочных прадуктаў з-за таго, што на іх не былі аформленыя дакументы ў адпаведнасці з расейскім тэхнічным рэгламентам на малако.

Прыняўшы рашэнне не ехаць у Расею, Аляксандр Лукашэнка даручыў мытнаму і памежнаму ведамствам краіны падрыхтаваць прапанову па ўвядзенні мытнага і памежнага афармлення на беларуска-расейскай мяжы па аналогіі з тым, якое ў цяперашні час ажыццяўляе расейскі бок.

Літаральна праз некалькі дзён у расейскай газеце «Коммерсант» быў апублікаваны артыкул, у якой паведамлялася, што прабачаць Менску «публічную дэманстрацыю» у Крамлі не маюць намеру. «У нас няма асаблівага засмучэння з нагоды паводзінаў Беларусі. Мабыць, некаму проста надакучыла быць прэзідэнтам гэтай краіны»,— сказаў тады ў інтэрв'ю выданню высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі Дзмітрыя Мядведзева.

«Коммерсант» напісаў, што ў сувязі з рэзкім пагаршэннем расейска-беларускіх адносінаў і апошнім дэмаршам Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ехаць у Маскву на саміт АДКБ, «ужо хуткім часам Масква можа пачаць новую атакуна Менск. Гэтым разам — газавую». Зараз расейская кампанія «Газпрам» настойвае на выплаце беларускімі ўладамі доўга ў памеры 244 мільёнаў даляраў.

ААТ «Газпрам» патрабуе выплаціць доўг у ліпені, паведаміў старшыня кіравання канцэрна Аляксей Мілер.

«Доўг Беларусі складае $244 мільёна. Яны павінныя аплаціць у ліпені гэтага года, у іншым выпадку мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з умовамі кантракту. Мы можам звярнуцца ў суд і таксама можам пайсці на скарачэнне аб'ёмаў пастаўкі», - сказаў кіраўнік «Газпрама».

Апошнія навіны