BE RU EN

Батура: «Іран з'яўляецца адной з прыярытэтных краін у знешняй палітыцы Беларусі»

  • 23.06.2009, 11:28

Старшыня «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Беларусі Барыс Батура сустрэўся сёння ў Тэгеране з кіраўніком Сходу ісламскага савета Ірана Алі Ардашырам Ларыджані.

«Мы высока шануем сяброўскія адносіны і выяўляем упэўненасць, што нашае сяброўства паслужыць умацаванню дабрабыту народаў дзвюх краін», - сказаў Барыс Батура.

У сваю чаргу Алі Ардашыр Ларыджані канстатаваў станоўчыя тэмпы развіцця адносінаў Беларусі і Ірана як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы. «Беларусь сяброўская нам краіна, і я ўпэўнены, што візіт надасць дадатковы імпульс развіццю нашых адносінаў», - падкрэсліў ён, звяртаючыся да спікера верхняй палаты беларускага парламента.

Барыс Батура таксама наведаў маўзалей Хамейні ў Тэгеране. Нагадаем, што зараз у Іране праходзяць дэманстрацыі пратэстаў апазіцыі. Яны пачаліся ў Тэгеране больш за тыдзень таму, пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 12 чэрвеня. Па іх выніках Ахмадзінежад набраў 62,63% галасоў, ягоны асноўны супернік Мір Хасейн Мусаві - 33,75%. Мусаві абвінаваціў улады ў падтасоўцы вынікаў галасавання.

20 чэрвеня, на восьмы дзень акцый рэфармісцкай апазіцыі, пртэстуючай супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, іранская паліцыя выкарыстала зброю, вадамёты, дубінкі і слёзатачывы газ. У разгоне маніфестацыі прымалі ўдзел, акрамя паліцыі, баявікі «Брыгад Басідж».

Па розных дадзеных, загінулі ад 13 да 30 чалавек. З лякарань Тэгерана паступаюць паведамленні аб сотнях пацярпелых, якія атрымалі кулявыя, колата-рэзаныя і ірваныя раны, а таксама атручаных газам.

Апошнія навіны