BE RU EN

Прэм'ер-міністр РФ паабяцаў Сідорскаму «грунтоўную размову»

  • 22.05.2009, 15:45

Прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што абмяркуе 28 траўня на сустрэчы ў Менску са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім развіццё эканамічных сувязяў двух краінаў ва ўмовах крызісу.

Адкрываючы ў пятніцу сустрэчу з Сяргеем Сідорскім у Астане ў межах паседжання Савета кіраўнікоў урадаў краінаў СНД, расейскі прэм'ер адзначыў, што на наступным тыдні ў іх з Сідорскім будзе «грунтоўная размова пра саюзніцкія адносіны», паведамляе РИА «Новости».

«Паглядзім, як ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу развіваюцца нашыя дзелавыя сувязі, пагаворым пра ўсе праблемы, з якімі нам прыходзіцца сутыкацца», - сказаў Уладзімір Пуцін.

Сустрэча ў Менску, аб якую казаў расейскі прэм'ер, была анансаваная даўно. Прычым некаторыя эксперты лічаць, што Уладзімір Пуцін і беларускае кіраўніцтва акрамя рэалізацыі антыкрызіснага плану абмяркуюць яшчэ шэраг пытанняў з палітычнай падаплёкай.

Так, палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Пуцін едзе ў Менск, каб «ад імя Крамля ставіць перад беларускім кіраўніцтвам няёмкія пытанні».

Выпадкова ці не, але якраз напярэдадні таго, як стала вядома пра сустрэчу ў Менску, Уладзімір Пуцін у Японіі заявіў пра тое, што «Расея не мае намеру больш субсідаваць былыя рэспублікі СССР». Хаця не выключана, што гэтая заява - не больш чым «халасты» стрэл.

Але гэта не перашкаджае расейскім уладам распачаць яшчэ адну спробу 28 траўня ў Менску.

У сваю чаргу беларускі прэм'ер Сяргей Сідорскі ў Астане паведаміў, што ў Менску актыўна рыхтуюцца да будучага паседжання Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, якое пройдзе 28 траўня. Пры гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на рэалізацыю антыкрызіснага плану, узгодненага двума краінамі, і адзначыў асаблівую ролю расейскай эканомікі ў пераадоленні фінансавага крызісу на прасторы СНД.

Апошнія навіны