BE RU EN

Беларускія ўлады патрабуюць ад Расеі кампенсацыі за прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

  • 19.05.2009, 11:58

«Палата прадстаўнікоў» пакуль не выпрацавала адзінай пазіцыі па пытанні прызнання грузінскіх тэрыторый.

Аб гэтым «Інтэрфаксу» заявіў старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы «палаты прадстаўнікоў» Віктар Гумінскі.

«Нават сярод «дэпутатаў», а гэтае пытанне нядаўна разглядаўся, няма адназначнай пазіцыі. І казаць аб тым, што мы нібыта наўмысна зацягваем, не выконваем чагосьці, было б няправільным», - адзначыў Гумінскі.

Па ягоных словах, «нельга падыходзіць аднабока, спрошчана да рашэння пытання аб прызнанні Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі».

«Гэта нешэраговае пытанне, за якім вынікаюць далёка ідучыя наступствы. Таму сёння мы можам ставіць пытанне, наколькі адзін бок - Беларусь гатовая да тых магчымых наступстваў, якія наступяць. А іншы бок, я маю на ўвазе Расею, гатовая кампенсаваць тое, што можа наступіць для нашай краіны», - сказаў кіраўнік камісіі.

Ён адзначыў, што «заявы могуць быць розныя». «Але трэба быць рэалістамі на гэтай зямлі і ў гэтым становішчы. Таму па меры гатовасці, але ў комплексе, я думаю, што гэтае пытанне будзе вырашанае», - заявіў В.Гумінскі.

«У мяне ёсць асабістая пазіцыя па гэтым пытанні, але я сваю пазіцыю, перш за ўсё, сувымяраю з інтэрасамі сваёй дзяржавы», - сказаў ён.

У сваю чаргу кіраўнік камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД беларускай «палаткі» Сяргей Маскевіч заявіў, што «узровень гатовасці для разгляду пытання высокі, прапрацавана шмат дакументаў». Кажучы аб магчымасці ягонага разгляду «палатай прадстаўнікоў» на вясновай сесіі, якая завершыцца ў канцы чэрвеня, С.Маскевіч адзначыў, што «магчымасць такая рэальна існуе». «Гэта павіннае быць вельмі важнае палітычнае рашэнне», - сказаў кіраўнік камісіі беларускай «палаткі».

Нагадаем, што напярэдадні, знаходзячыся ў Сухумі, спікер Дзярждумы РФ Барыс Грызлоў заявіў, што Беларусь зацягвае раней абумоўленыя тэрміны, у якія «палата прадстаўнікоў» планавала разгледзець пытанне аб прызнанні Абхазіі ў якасці незалежнай дзяржавы.

«Мне здаецца, што занадта доўга рыхтуецца Беларусь да гэтага пытання. Я разумею, што ніхто не павінен падштурхоўваць, але па тых тэрмінах, якія называліся, а называўся красавік месяц, прызнанне так і не адбылося», - адзначыў Б.Грызлоў.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка не раз выказваўся аб прызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. 23 сакавіка ў Сочы беларускі кіраўнік сустрэўся з кіраўніком непрызнанай Абхазіі Сяргеем Багапшам і абмеркаваў з ім шэраг пытанняў гандлёвага супрацоўніцтва.

На сённяшні дзень незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прызнала толькі Расея. Прэзідэнт Нікарагуа прызнаў незалежнасць у вуснай форме, аднак парламент краіны не падтрымаў ініцыятыву кіраўніка дзяржавы.

Апошнія навіны