BE RU EN

Прарэктар БДУ: Размеркаванне на сяло спрыяе пераемнасці пакаленняў

  • 18.05.2009, 15:50

Чыноўнікі лічаць, што замацаванне высокакваліфікаваных кадраў на сяле дапамагае беларусам лепш спасцігнуць карані.

Такое меркаванне выказаў БелТА прарэктар па навучальнай працы БДУ Віктар Самахвал, каментуючы ўказ № 243 «Аб унясенні дадаткаў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80». Праўда, Віктар Самахвал не ўдакладніў, што менавіта малады спецыяліст можа запазычыць «у пакаленняў» у беларускай вёсцы, якая співаецца.

Ён адзначыў, што БДУ выпускае педагогаў-прадметнікаў і журналістаў, якія атрымліваюць выдатныя веды. Маладыя спецыялісты, якія скончылі навучальную ўстанову па мэтавым накіраванні, трапляюць у сельскія школы ці рэгіянальныя СМІ, і не толькі працуюць на ўсё 100%, але і рыхтуюць для вну наступную змену абітурыентаў.

Акрамя таго, такія выпускнікі вну маюць магчымасць афармляць ільготныя крэдыты для будаўніцтва жылля. А пяцігадовы тэрмін працы на першым працоўным месцы дапаможа ім своечасова выплачваць неабходныя для пагашэння крэдыту сумы.

Паводле ўказу № 243 павялічаны тэрмін адпрацоўкі асобаў, якія навучаліся па мэтавым наборы. Цяпер выпускнік-мэтавік павінен адпрацаваць па размеркаванні, вызначаным заканадаўствам (два гады), і па дамове, вызначанай бакамі. Пры гэтым тэрмін працы па дамове для асобаў, што скончылі вну, вызначаецца не менш за тры гады. Так што ўсяго выпускнік вну, які паступаў па мэтавым накіраванні, павінен адпрацаваць пяць гадоў.

Апошнія навіны