BE RU EN

Забаронены продаж валюты на біржы пад імпарт (Абноўлена)

  • 18.05.2009, 13:59

Беларускія банкі, як дзяржаўныя, так і камерцыйныя, адмовіліся прымаць у сваіх кліентаў заяўкі на набыццё замежнай валюты для аплаты імпартных кантрактаў.

Прычым, гаворка не ідзе аб авансавых плацяжах. Асобныя дзяржаўныя банкі адпраўляюць сваіх кліентаў да мясцовых уладаў для ўзгаднення заявак на набыццё валюты.

Крыніца АФН у банкаўскіх колах пацвердзіла, што сёння раніцай Нацбанк РБ, спасылаючыся на закрытую пастанову Саўміна і НБ РБ №388 ад 30 сакавіка 2009 года, якая не зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры прававых дакументаў, вусна забараніў продаж валюты на БВФБ да 1 чэрвеня, за выключэннем аплаты медпрэпаратаў.

Банкам рэкамендавана задавальняць заяўкі кліентаў на пазабіржавым рынку. Рэакцыя рынка была неадкладнай – курс на міжбанку сышоў на ўзровень курс НБРБ +4%, аднак банкірам нагадалі пра існаванне іншай рэкамендацыі Нацбанка – курс на пазабіржавым рынку не павінен перавышаць узровень «афіцыйны курс НБРБ + 2%».

Сітуацыя нагадвае лёгкую паніку і ўсе чакаюць нейкага ліста Нацбанка з тлумачэннем далейшай палітыкі курсаўтварэння.

Нацыянальны банк у цяперашні час для каментароў не дасягальны. Хоць, што можна каментаваць у сітуацыі, калі на заканамернае пытанне «А што здарыцца пасля 1 чэрвеня?», у Нацбанку лаканічна і вельмі інфарматыўна адказалі «Пакуль не ведаем».

Сайт АФН прыводзіць ліст №11-1-121525ВЭС ад 14.05.09, які быў разасланы Міністэрствам прамысловасці РБ напярэдадні ў беларускія банкі:

«ААТ «АСБ Беларусбанк», ААТ «Белагрампрамбанк», ААТ «БПБ-Банк», ААТ «Белінвестбанк», ААТ «Белзнешэканамбанк».

У адпаведнасці з пунктам 1.1 пратаколу нарады ў намесніка Прэм'ер-Міністра Беларусь Кабякова А.У. ад 11 траўня 2009г №39/28пр-ДСП Міністэрства прамысловасці інфармуе, што падведамасныя арганізацыі міністэрства пры падачы заявак аб правядзенні аплаты за імпартныя тэхналагічнае абсталяванне, машыны і механізмы, якія набываюцца, неабходныя для рэалізацыі вытворчых і інвестыцыйных праграмаў, павінны прыкладаць пісьмовы дазвол (узгадненні), якія выдаюцца Міністрам ці намеснікамі Міністра прамысловасці.

Намеснік міністра Г.Б.Свідзерскі».

Апошнія навіны