BE RU EN

«Газпрам» прымушае беларускі рэжым плаціць па кантракце

  • 8.04.2009, 14:16

Беларусь павінна плаціць за газ па кантрактным кошце, які прадугледжвае штоквартальную карэктоўку яго вартасці.

Пра гэта «Інтэрфаксу» заявіў дарадца па эканамічных пытаннях амбасады РФ у Беларусі Андрэй Кузняцоў.

«Плаціць па 150 даляраў у студзені- верасні - гэта значыць разваліць кантракт. Хто ж на гэта пойдзе?», - сказаў А.Кузняцоў.

«Кошт на газ для Беларусі ў I і II кварталах і далей будзе ў адпаведнасці з кантрактам», - дадаў ён.

Прадстаўнік амбасады падкрэсліў, што «у мэтах кампенсацыі дадатковых выдаткаў беларускага боку ў I квартале «Газпрам» у лютым-сакавіку авансам заплаціў гадавы кошт транзіту газу па тэрыторыі Беларусі - гэта каля 250 мільёнаў даляраў».

Паводле яго словаў «з улікам гэтых грошай, якія фактычна ўяўляюць з сябе тэхнічны крэдыт, Беларусь і атрымае сярэднегадавы кошт у I паўгоддзі, гэта розныя механізмы, але вынік той жа - сярэднегадавы кошт».

Кузняцоў таксама паведаміў, што «Газпрам» не выстаўляў «Белтрансгазу» штрафаў за няпоўную выбарку газу ў 2008 годзе, хаця гэтыя санкцыі маглі быць даволі адчувальныя - некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.

«Я спецыяльна ўдакладняў гэтае пытанне», - падкрэсліў ён, выказаўшы меркаванне, што кіраўніцтву Беларусі была пададзеная некарэктная інфармацыя па гэтай падставе.

Нагадаем, што падчас працоўнай камандзіроўкі ў Гомельскай вобласці 7 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Так, мы не выбіраем газ, а нам прад'яўляюць штрафныя санкцыі. Дамовіліся па 150 даляраў за газ, іншыя прыязджаюць і кажуць, што трэба больш».

У пачатку 2009 года Беларусь звярнулася да «Газпрама» і кіраўніцтва РФ узгадніць магчымасць аплаты «Белтрансгазам» расейскага газу ў студзені-верасні 2009 года па разліковым сярэднегадовым кошце - каля $150 за 1 тыс.куб.м з правядзеннем канчатковых даразлікаў у апошняй чвэрці года.

Беларускі бок аргументуе просьбу рэзкім ростам кошту на імпарт газу ў I квартале - у 1,6 раза ў параўнанні з IV кварталам да $210 за 1 тыс.куб.м, што тлумачыцца высокім коштам нафты і нафтапрадуктаў у першай палове 2008 года (з улікам часовага лага, які выкарыстоўваецца ў кантракце для прывязкі кошту на газ да кошту кошыка нафтапрадуктаў). З улікам падзення коштаў на нафту з другой паловы 2008 года кошт на газ для Беларусі ва II квартале 2009 года знізіцца да $160 за 1 тыс.куб. Да канца гэтага года прагназуецца зніжэнне кошту газу для Беларусі да $90 за 1 тыс.куб.м.

За студзень-люты 2009 года Беларусь аплаціла атрыманы газ па $150 за 1 тыс.куб.м. Намеснік старшыні праўлення «Газпрама» Андрэй Круглоў у канцы сакавіка заявіў, што "за студзень і люты Беларусь правяла аплату ў адпаведнасці з дамоўленасцямі".

У 2008 годзе ў газатранспартную сістэму «Белтрансгаза» паступіла 21,1 млрд куб.м прыроднага газу для ўнутраных патрэбаў Беларусі, што на 2,4% больш да ўзроўня 2007 года і на 2,3% менш да планавага паказчыка.

Па выніках 2008 года аб'ем транзіту прыроднага газу праз Беларусь павялічыўся на 3,8% і склаў 51,3 млрд куб.м (на 6,2% больш за план). У тым ліку, па ГТС Белтрансгаза пракачана 18,5 млрд куб.м прыроднага газу (рост на 1,1% да ўзроўня 2007 года і на 19,2% да плана), па ГТС «Ямал-Еўропа» - 32,8 млрд куб.м (адпавядае плану, рост на 5,5% да 2007 года).

Апошнія навіны