BE RU EN

Незалежныя прафсаюзы: МАЗ спыніўся на паўмесяца

  • 30.04.2009, 13:33

Найбуйнейшы ў СНД вытворца самазвалаў і цягачоў Менскі аўтамабільны завод не працуе з 23 красавіка. Вымушаны прастой будзе працягвацца, як мінімум, да 10 траўня.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 старшыня прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Федыніч, завод не працуе з 23 красавіка. Гэтую інфармацыю ён атрымаў ён ад працаўнікоў прадпрыемства.

«Людзей адпраўляюць на 2/3 зарплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам, -- кажа Генадзь Федыніч. -- На самой справе гэта звязана з ранейшай праблемай – з адсутнасцю збыту. Склады перапоўненыя. Яшчэ невядома, ці вылучаць МАЗу дадатковы крэдыт на тое, каб разгрузіць вытворчасць. Калі няма продажу, на прадпрыемства не паступае «зваротных» грошай. На МАЗе няўпраўка з 1 студзеня. Там няма сістэмнай працы – нейкія цэхі маглі на тыдзень прыпыніць, а нейкія не. Так ці інакш, дагэтуль увесь час працаваў аўтобусны цэх. Але зараз, наколькі я ведаю, прыпыняецца праца ўсяго заводу – сыходзяць усе».

Прафсаюзны лідэр адзначае, што ў падобным становішчы сёння апынуліся шмат якія беларускія прадпрыемствы.

«Пры прастоі прадпрыемства працаўнік губляе, як мінімум, 40% ад сваёй зарплаты, -- адзначае Генадзь Федыніч. -- І калі раней працаўнік зарабляў 1,2 – 1,5 мільёна, дык зараз зарплаты знізіліся да 800 тысячаў беларускіх рублёў. У падобным становішчы апынуліся шмат якія заводы, якія знаходзяцца ў залежнасці ад нашых прамысловых гігантаў. У сувязі з крызісам ніхто хутка не пераарыентуецца на выпуск іншай прадукцыі, якую можна будзе прадаць. І для такіх крокаў, вядома ж, патрэбныя грошы. Краіна і без таго ўжо пазычыла 4,5 млрд даляраў. Хто ж зараз дасць крэдыт, і як потым усе гэтыя крэдыты мы будзем аддаваць? Вось у чым заключаецца праблема».

Нагадаем, што з пачатку 2009 года некаторыя цэхі Менскага аўтазавода сталі працаваць у скарочаным рэжыме – тры дні ў тыдзень. Сур'ёзна «урэзалі» зарплаты працоўных, супрацоўнікаў адпраўляюць у вымушаны адпачынак. А ў лютым МАЗ перастаў быць унітарным прадпрыемствам і стаў адкрытым акцыянерным таварыствам.

Апошнія навіны