BE RU EN

Нацбанк хоча ўзаконіць дзейнасць «выбівалаў» банкаўскіх даўгоў?

  • 19.03.2009, 15:30

Нацбанк выступіў з ініцыятывай стварэння ў Беларусі дзейнасці калектарскіх арганізацыяў, якія ў дасудовым парадку будуць рэгуляваць праблему запазычанасці банкаў.

Як стала вядома АФН, Нацбанк накіраваў адпаведны ліст на імя прэм'ера Беларусі Сяргея Сідорскага. Пры гэтым у дакуменце падкрэсліваецца, што «выбіццё» запазычанасці будзе ажыццяўляцца «законнымі метадамі ўздзеяння на даўжнікоў» пры «няўхільным захаванні заканадаўства».

Для поўнай легалізацыі дзейнасці «выбівалаў» Нацбанк прапаноўвае ўнесці шэраг змяненняў у Грамадзянскі і Банкаўскі кодэксы, сутнасць якіх заключацца ў тым, што крэдыторы (банкі) маюць права на пересаступку доўга калектарскай арганізацыі з перадачай звестак пра крэдыт, што не будзе расцэньвацца як парушэнне банкаўскай таямніцы. Аднак пры ўзгадненні сваіх прапановаў з урадам на ўзроўні віцэ-прэм'ера Кабякова і зацікаўленых ведамстваў Нацбанк натрапіў на супраціў з боку Мінэканомікі РБ, якое ў цэлым не запярэчыла супраць ідэі, але палічыла, што прапанаваных зменаў будзе недастаткова.

У прыватнасці Мінэканомікі, звязваючы дзейнасць «выбівалаў» з велізарнай прадпрымальніцкай рызыкай, адзначае неабходнасць наяўнасці ў калектарскіх арганізацыяў дастатковых фінансавых сродкаў на набыццё даўгоў у банкаў і пакрыццё ўласных стратаў у выпадку немагчымасці спагнаць доўг з кліента, намякаючы такім чынам на неабходнасць замацавання нейкіх крытэраў для такіх арганізацыяў на заканадаўчым узроўні.

Інстытут калектарскіх арганізацыяў не з'яўляецца вынаходствам Нацбанка і шырока выкарыстоўваецца ў шмат якіх краінах свету. Так, у ЗША яшчэ ў 1978 годзе быў прыняты спецыяльны закон «Аб добрасумленнай практыцы спагнання даўгоў». Акрамя таго, паслугамі «выбівалаў» карыстаюцца гандлёвыя і страхавыя кампаніі, арганізацыі ЖКГ, аператары сувязі. Саступка доўгу калектарскім арганізацыям дазваляе знізіць нагрузку на ўласны капітал, палепшыць якасць актываў за кошт спісання «таксічных» абавязкаў.

Варта адзначыць, што беларускі рэгулятар ініцыяваў працу па стварэнні ўмоваў для працы «выбівалаў» яшчэ задоўга да крызісу, на хвалі росту спажывецкіх крэдытаў у краіне. Шэраг беларускіх банкаў ужо звяртаўся да Нацбанка з гэтым пытаннем, паколькі для банкаў першарадную важнасць іграюць як абарачальнасць грошай, так і якасць актываў. Эксперты ацэньваюць верагоднасць вяртання пратэрмінаваных экспрэс-крэдытаў і крэдытаў без закладу на ўзроўні 10-40%. У гэтай сувязі саступка абавязку «выбівалам» пры пратэрміноўцы звыш чым 120 дзён можа ажыццяўляцца па кошце, які складае каля 5% ад намінальнай сумы абавязку.

Трэба ўлічыць, што з крызісам, праблема пратэрмінаванай запазычанасці набыла яшчэ большую актуальнасць. «Нацбанк выказвае занепакоенасць тэмпамі росту праблемнай запазычанасці ў крэдытных партфелях банкаў», кажацца ў лісце на імя Сідорскага. І хаця ў адсоткавым выражэнні доля пратэрмінаваных крэдытаў не настолькі ўжо вялікая, трывога рэгулятара заснаваная не на пустым месцы. З пачатку 2009 года сума «таксічных» актываў беларускіх банкаў вырасла на 174,3 млрд. рублёў (60 млн. даляраў ЗША), у той час як за ўвесь 2008 год рост пратэрмінаванай запазычанасці склаў 87,8 млрд. рублёў.

Падабаецца ці не, але пры такіх тэмпах росту час, калі ў адказ на пытанне «Хто там?» шчаслівы ўладальнік экспрэс-крэдыту пачуе «Гэта мы – законапаслухмяныя і легітымныя выбівалы», ужо відавочна не за гарамі.

Апошнія навіны