BE RU EN

Кошты ў Беларусі за месяц выраслі так, як у Еўропе - за год

  • 17.03.2009, 8:24

Беларусь вырвалася ў лідэры па росце коштаў у студзені не толькі сярод краін СНД, але і сярод краін Еўразвяза.

Не лепш выглядае сітуацыя, калі параўнаць пачатак гэтага года са студзенем 2008-га: тут беларусаў апярэдзілі толькі ўкраінцы. Праўда, у лютым 2009 года інфляцыя ў Беларусі запаволілася амаль у 3,5 разы і склала 1,2%. Менавіта такі рост коштаў эксперты Еўракамісіі чакаюць у Еўразвязе за ўвесь 2009 год.

«У нас даўно такіх крутых віражоў не было», - выказаўся з нагоды росту коштаў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, ацэньваючы сітуацыю ў студзені. Але пры гэтым пераглядаць свае планы ўрад не збіраецца. Нагадаем, што за два месяцы беларусы выбралі амаль палову гадавога прагнозу (не больш за 9 - 11%).

- Мы спадзяемся, што ў нейкія месяцы будзе дэфляцыя (паніжэнне індэксу спажывецкіх коштаў), - растлумачыў «Комсомольской правде в Беларуси» прычыны такога аптымізму адзін з прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі. - Бо ва ўсім свеце ўсё таннее.

Больш за ўсё падаражэлі садавіна і гародніна…

Такую сітуацыю чыноўнікі са сферы коштаўтварэння тлумачаць аднамаментнай дэвальвацыяй беларускага рубля. Маўляў, імпарцёры скарысталіся момантам і ўзнялі кошты. Вось і атрымалася, што за першы месяц гэтага года за гародніну мы сталі плаціць на 23,2% больш, а за садавіну - на 15,1%. Але ў суседзяў-расейцаў даляр таксама імкліва даражэў, але пры гэтым усялякія бананы-апельсіны-агуркі сталі каштаваць даражэй усяго-та на 4 - 4,5%.

А менш за ўсё - хлеб

За месяц неад'емны пункт у кожным пакупальніцкім кошыку пацяжэў на паўадсоткі. Гэтак жа, як у Расеі, і амаль гэтак жа, як у Літве і Польшчы. Затое немцы і чэхі за гэты прадукт сталі плаціць менш. Дарэчы, у Германіі цэннікі ўпалі на ўсё, акрамя гародніны. А больш за ўсё патаннеў той самы хлеб - на 1,1% за месяц.

Рыба вырасла ў кошце ў 9 разоў больш, чым у Польшчы

Традыцыйным ужо стала тое, што прадукты, якіх не хапае ў рацыёне жыхара Беларусі, не трапляюць на стол з-за высокага кошту. Так, рыба і морапрадукты ў нас падскочылі ў кошце на 9,3% (таксама рэкорд сярод іншых краін). У суседняй Польшчы - усяго на 1%, у Літве і Расеі - менш чым на 2%. У параўнанні жа з студзенем мінулага года рыба стала каштаваць даражэй на 21%!

Ці магчымае ў нас падзенне коштаў?

- У шматлікіх краінах кошты сыйшлі ў мінус. У нас такое можа быць? - спыталі мы ў эканаміста Леаніда Злотнікава.

- Гэта залежыць ад таго, што будзе рабіць урад. Самі па сабе кошты не растуць і не падаюць. Вось, напрыклад, на заводах няма чым плаціць заробак. Што можа рабіць урад? Ён можа знаходзіц знешнія рэсурсы (крэдыты і гэтак далей). Можа пазычаць у насельніцтва, прапаноўваючы яму акцыі, аблігацыі. Ну і трэці варыянт - уключыць друкарскі станок. А ужо праз два-тры месяцы гэтыя грошы вернуцца ў казну ў выглядзе так званага інфляцыйнага падатку. Дадатковыя грошы выклікаюць рост коштаў, таму што колькасць тавараў, якія можа купіць чалавек за гэтыя грошы, застаецца нязменнай.

Атрымліваецца, што дзяржава штучна стымулюе актыўнасць у эканоміцы. У той час як у краінах ЕЗ попыт упаў, таму што скарацілася вытворчасць і заробкі.

Апошнія навіны