BE RU EN

Усё больш заводаў скарачаюць працоўны тыдзень і зьніжаюць заробкі

  • 12.03.2009, 15:42

На Гомельшчыне ў крызіс трапілі ўсе прадпрыемствы, якія належаць да канцэрну «Беллеспаперапрам».

На скарочаны працоўны тыдзень перайшлі акцыянэрныя таварыствы «Рэчыцадрэў», «Мазырдрэў», Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, Добруская папяровая фабрыка й «Гомельшпалеры», перадае «Радыё Свабода».

Даўжэй за іншых трымалася акцыянэрнае таварыства «Гомельдрэў». Але, як тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі гэтага прадпрыемства, усё ж збоі ў працы пачаліся.

«Падрыхтаваны загад аб пераходзе на скарочаны працоўны тыдзень. Адзін дзень на тыдні «Гомельдрэў» будзе прастойваць. Натуральна, што будзе зьменшаны і заробак», - паведаміў прадстаўнік адміністрацыі.

«Гомельдрэў» — прадпрыемства канцэрну «Беллеспаперапрам». Гэтаму ж канцэрну падпарадкоўваюцца яшчэ 60 заводаў і фабрык. У Гомелі лічаць, што цэнтралізаванае кіраўніцтва абмяжоўвае ў крызіс эканамічную свабоду прадпрыемства. Мэнэджэр «Гомельдрэва» Міхаіл пераконвае, што пасьля развалу былога Саюзу прадпрыемства здолела канвэрсаваць вытворчасьць і самастойна выбрацца зь цяжкога эканамічнага становішча. Цяпер, аднак, сытуацыя горшая.

«У той час дырэктар рэдка езьдзіў у Менск. Ніякіх асаблівых указаньняў, папераў адтуль практычна не дасылалі. Мы вялі самастойную эканамічную палітыку. Ня ўзяўшы ў дзяржавы ні рубля, мы правялі канвэрсію, здолелі падняць прадпрыемства. Але пасьля таго як пачалося цэнтралізаванае кіраваньне прадпрыемствамі, нашыя справы ішлі ўсё горш і горш», - зазначае мэнэджэр.

Адміністрацыя Кобрынскага заводу гідраўлічнага машынабудаваньня тэрмінова склікае сход акцыянэраў. Абмяркоўваць будуць крызісную сытуацыю.

Дакладную інфармацыю ў адміністрацыі кобрынскага прадпрыемства атрымаць не ўдаецца - тут гучаць адмовы, прычым катэгарычнага характару.

«А вам для чаго такія рэчы патрэбны, скажыце? А вы пыталіся дазволу ў дырэктара пісаць пра нешта? Усё. Прабачце. Я такой інфармацыі вам даваць ня буду», — адказала супрацоўніца. Назваць сваё прозьвішча яна адмовілася.

Між тым, на заводзе няўпраўка - варта нагадаць пра працяглыя прастоі ў зімовы час. Дзеля эканоміі нават у маразы тут адключалі апал. З-за гэтага нават размарозілі ацяпляльную сыстэму. А зараз, як паведамляе рабочы кобрынскага «Гідрасельмашу» Васіль Барысюк, сытуацыя яшчэ пагоршылася.

«Пагоршылася канкрэтна. Грошай няма. Матэрыялаў закупіць ня могуць. Зачыняюць цэхі. У красавіку хочуць зусім распусьціць, спыніць завод. Няма працы. Пэнсіянэраў адпраўляюць за свой кошт... Крызісам прыкрываюцца. Ён тут ні пры чым. Праблемы ў нас зьявіліся яшчэ да крызісу. Няма збыту прадукцыі. МАЗ не разьлічваецца. Ён вінен ужо мільярд. На выплату зарплаты завод бярэ крэдыты», - распавялае рабочы заводу.

Кобрынскі «Гідрасельмаш» яшчэ да крызісу страціў рынкі збыту сваёй прадукцыі ў краінах Балтыі і Віетнаме. Цяпер няма плацяжоў і з Расеі.

Сёньня афіцыйны беларускі прафсаюз мэталістаў заявіў, што найбольш крызісная сытуацыя ў галіне — на Ваўкавыскім заводзе дахавых і будаўнічых машынаў.

Кіраўніцтва завода -- і дырэктар, і ягоныя намесьнікі — знаходзяцца ў камандзіроўках у Расеі. Намесьнік старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Леанід Саўчук, які наведвае прадпрыемства, кажа, што сытуацыя стане ясьнейшаю, калі кіраўнікі адтуль вернуцца.

«Канечне, трэба шукаць заказы, а інакш як? Тая прадукцыя, якую яны выраблялі, у асноўным пастаўлялася ў Расею, а там зараз ня плацяць наагул. На прадпрыемстве фінансавы крызіс адбіўся больш, чым наагул на Беларусі», - заявіў прадстаўнік выканкаму.

Леанід Саўчук кажа, што пакуль завод працуе поўны тыдзень.

«Мы ні ў якім выпадку не дазволім скарачаць ні людзей, ні працоўны час», - пераконвае ён.

Аднак жыхар Ваўкавыску Анатоль сьцьвярджае: з-за мізэрных заробкаў усе, хто мог, з гэтага заводу сышлі.

«Я нават адзін час сам спрабаваў ажыцьцяўляць зь імі агульныя праекты, хацеў зрабіць ім сетку, але так патрапіў, што ледзь вылез. Там заўсёды была праблема, што маленькія заробкі, а людзі трымаліся толькі дзеля інтэрнату, які ў іх быў. А ўсе, хто мог, пасыходзілі адтуль», - распавёў мясцовы жыхар.

У Магілёве зачыняецца міні-рынак «Юбілейны». У аднайменным магілёўскім мікрараёне ён праіснаваў болей за тры гады. Афіцыйна рынак зьбіраюцца закрыць ад першага красавіка. Цяпер зь пяцідзесяці павільёнаў тут працуюць толькі чатырнаццаць.

«На сёньняшні дзень там ёсьць вялікая запазычанасьць у прыватных структур. Пакуль запазычанасьць не пагасяць, у нас няма сэнсу наагул гаварыць пра працяг працы на гэтым рынку. Там запазычанасьці — каля дваццаці мільёнаў рублёў. Калі ня будзе даўгоў, рынак будзе працаваць, як і ранней», — патлумачыў сытуацыю прадстаўнік акцыянэрнага таварыства «Два-Д».

Прадпрымальнікі цьвердзяць, што ўладальнік патрабаваў завялікую арэндную плату, хаця тут няма ні вады, ні асьвятленьня.

«Тут няма вады, асьвятленьне зь перабоямі, а ў параўнаньні зь іншымі рынкамі яна такая ж. Аднак там — усе ўмовы. Таму за арэнду не плацілі. Атрымалася яшчэ вялікая запазычанасьць па асьвятленьні. Тут вось выключылі асьвятленьне, мы пытаньне вырашылі самі ўжо. Будзем плаціць цяпер грошы не самому «Два-Д», а непасрэдна Магілёўэнэрга, каб працаваць. Людзі ўклалі ў гэтыя павільёны грошы — па пяць-шэсьць тысяч даляраў, абсталяваньне стаіць», — кажа адзін з гандляроў.

Паводле яго, пасьля закрыцьця рынку тут застануцца працаваць каля дзесяці павільёнаў, якія не належаць таварыству «Два-Д».

У мікрараёне, дзе жыве некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, рынак «Юбілейны» — адзіны, на якім прадаецца шырокі асартымэнт тавару. Людзі абураныя ягоным закрыцьцём.

«Вельмі патрэбны рынак, бо тут жывуць людзі сталага веку. Пайсьці, паехаць некуды, тым больш у час крызісу, яны ня могуць. У іх малыя пэнсіі. Садавіна, гародніна — усё гэта нам дужа карысна. І прычым на рынку прадаюць гэта ўсё вельмі тана», - тлумачыць мясцовая жыхарка.

Апошнія навіны