BE RU EN

БелаПАН: Лорда Бэла можна звольніць, яго працу будзе выконваць Солана

  • 20.02.2009, 14:52

Візіт вярхоўнага камісара ЕЗ ў Менск працягваюць актыўна абмяркоўваць беларускія СМІ.

Лорда Бэла цяпер можна звольніць з-за непатрэбнасці: яго працу па паляпшэнні міжнароднага іміджу Беларусі выконвае Салана. Такім чынам, мы больш не «апошняя дыктатура Еўропы». Генсек Рады ЕЗ не прыедзе ў дыктатуру, каб паціснуць руку яе першым асобам, піша інтэрнэт-газета агенцтва БелаПАН «Беларускія навіны».

Пасля сустрэчаў з кіраўніцтвам Беларусі, апазіцыйнымі палітыкамі і праваабаронцамі Салана не мог не сустрэцца з прадстаўнікамі незалежных СМІ. Праўда, у вузкім коле і на паўгадзіны.

Сустрэча з журналістамі стала такой жа сімвалічнай, як і з чыноўнікамі. Вопытны дыпламат Хаўер Салана, вядома, шмат усміхаўся і бліскуча не адказваў на пытанні.

Ваша першае ўражанне аб Лукашэнку?

— Нашая сустрэча не была першай.

Якія складаныя пытанні вы абмяркоўвалі?

— Гутарка была канфідэнцыйнай. Магу вас запэўніць, што складаныя пытанні мы называлі складанымі, а тое, што трэба змяніць, абмяркоўвалі як тое, што трэба змяніць.

Ці абмяркоўваліся стратэгія, як адносіны Беларусі і ЕЗ будуць развівацца?

— У ЕЗ ёсць стратэгія ў дачыненні да краінаў Усходняй Еўропы. І, спадзяюся, у краінаў Усходняй Еўропы ёсць стратэгія аб развіцці сувязяў з ЕЗ. Гэта працэс, падарожжа, пра якое можна меркаваць пасля яго заканчэння.

Чаму адкрытым дыялог стаў менавіта зараз?

— Таму, што ён зараз стаў адкрытым.

Раней Беларусь у знешняй палітыцы арыентавалася на Усход, як Вы тлумачыце паварот на Захад?

— Я не павінен гэта тлумачыць, хай іншыя тлумачаць. Але я вельмі рады, што няма нічога несумяшчальнага.

Перад Вашым прыездам парушаліся правы чалавека, вы абмяркоўвалі гэта з уладамі?

— Паслухайце, усё, што павінна было быць сказана, было сказана. Усё, што трэба было пракаментаваць, было пракаментавана. Усё, што трэба было крытыкаваць, крытыкавалася. Візіт я лічу канструктыўным.

Ініцыятыва Усходняга партнёрства — супрацьлегласць «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі. Вы размаўлялі пра гэта з Лукашэнкам?

— З прэзідэнтам мы пагаварылі вельмі канструктыўна. А на мінулым тыдні я быў у Маскве.

Але Усходняе партнёрства не сыходзіла з языка: пра яго казалі і беларускія афіцыйныя асобы. Падобна, новая палітыка ЕЗ і яе магчымасці для ўсіх бакоў сталі цэнтральнай тэмай візіту ў Менск. Усходняе партнёрства — ініцыятыва выгодная і ў эканамічным, і ў палітычным, і гандлёвым плане, спакушаў Салана. Маўляў, яна як бяспройгрышная латарэя — усе ўдзельнікі выйграюць.

Салана падкрэсліў, што не вёў у Менску перамовы, паколькі правёў у беларускай сталіцы ўсяго нейкіх пяць працоўных гадзінаў. Яны не паперы падпісвалі, а абменьваліся меркаваннямі і настройваліся «на адну хвалю», прыходзілі да адной роўніцы для развіцця адносінаў.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ запэўніў, што паміж еўрачыноўнікамі і беларускімі ўладамі няма забароненых тэмаў, абмяркоўваецца і каментуецца ўсё. «Вядома, не ўсе пытанні вырашаныя! Мы ж дзеля гэтага і пачынаем працэс (нармалізацыі ўзаемадзеяння), каб іх усе вырашыць», — упэўнены Салана.

У сакавіку пройдзе ўжо трэцяя па ліку «тройка» па лініі Беларусь-ЕЗ, дзе будзе наноў абмяркоўвацца ўвесь парадак дня двухбаковых адносінаў, у прыватнасці, як паабяцаў генсек Рады ЕЗ, захаванне правоў чалавека. А кіраўніка МЗС Беларусі чакаюць камандзіроўкі ў Рым і іншыя сталіцы краінаў ЕЗ.

Спыталі журналісты ў Саланы і пра яго наймацнейшае ўражанне ад Менска. І тут Салану было, што распавесці:

«Я прыехаў вельмі позна ўвечары. Але з вельмі шырока расплюшчанымі вачамі. Памятаю аўтатрасу з аэрапорта і першы рэзкі паварот... І я зразумеў — спачатку мы ехалі на поўнач, потым на захад — у іншы бок ад Масквы. І я выдатна зразумеў, дзе я, дзе Берлін, дзе Польшча. Вакол раўнінныя палі, і я ўявіў бітвы, якія тут адбываліся, і пакуты, якія яны прынеслі… У часы паходаў Напалеона, падчас Другой сусветнай вайны... Вось пра што я думаў, калі ехалі ў горад. А Менск? Тут чыстае паветра — гэта добра і для лёгкіх, і для мозгу».

«Спадзяюся, што яшчэ вярнуся ў Беларусь!» — сказаў генсек Рады ЕЗ.

Падчас гутаркі з журналістамі Хаўер Салана маляваў на лісце паперы перад сабой стрэлку. Паказвала яна якраз на ўсход, як бы пацвярджаючы новы прыярытэтны вектар Брусэля… А, значыць, Салана паляцеў, але яшчэ вернецца.

Апошнія навіны