BE RU EN

Страшна назіраць, як Пуцін робіць з Сталіна героя

  • 3.12.2009, 11:39

У Расеі раздзімаецца не толькі рэпутацыя Сталіна, але і спадчына КДБ, піша на старонках «The Daily Mail» журналіст Оўан Мэццюз. Сталін знішчыў 20 мільёнаў чалавек, прычым сярод ахвяраў быў і дзед самога Мэццюза.

Памяць пра Сталіна дагэтуль раз'ядноўвае Расею: шмат хто бачыць у ім ката, але для большасці сучасных расейцаў ён таксама пераможца ў Другой сусветнай вайне і найвялікшы герой савецкай гісторыі. «Цяпер жа Крэмль выклікае дух Сталіна, каб падтрымаць небяспечную новую разнавіднасць расейскага нацыяналізму», - заўважае аўтар. На яго думку, Крэмль падтрымлівае энергічную кампанію па абяленні вобраза Сталіна і адраджэнні ідэі Вялікай Расеі. У школьных падручніках новага пакалення Сталін паказваецца як нацыянальны герой. «Нельга пісаць падручнікі, якія перапоўняць дзяцей жахам і агідай да іх мінулага і іх народа», - кажа ў інтэрв'ю каардынатар праекту Аляксандр Філіпаў. Насаджэнне хлуслівай версіі змрочнай расейскай гісторыі не зробіць маладых людзей беклапотнымі і шчаслівымі, але «спародзіць новае пакаленне робатаў, якія ўяўляюць, быццам дзяржава заўсёды добразычлівая, заўсёды дзейнічае па-геройску і заўсёды мае рацыю», - пярэчыць аўтар.

Як паведамляе Мэццюз, яго дзед Барыс Бібікаў, высокапастаўлены партыйны работнік, быў расстраляны ў 1937 годзе, падзяліўшы лёс больш чым 80% кіраўнікоў ВКП (б) на Украіне. Бабуля Мэццюза была адпраўленая на 15 гадоў у лагеры, дзе з'ехала з глузду, маці Мэццюза і яе сястра бадзяліся па дзіцячых дамах. «У новых падручніках гэтыя жахі завэлюмаваныя», - заўважае аўтар. Праўда, там паказаная колькасць партыйцаў, афіцыйна прысуджаных да смерці (786 тыс.), але не згадваецца «нашмат больш крывавая і павальная кампанія масавых забойстваў - вайна Сталіна з сялянствам». Мільёны людзей загінулі ў выніку голаду, справакаванага свядома, адзначае аўтар.

«Калі ў Германіі адмаўленне Халакоста - злачынства, дык ў Расеі адмаўленне злачынстваў Сталіна (ці, як мінімум, іх пераменшванне) зрабілася элементам новай паліткарэктнасці Крамля», - піша Мэццюз. Гэта адлюстравана ў элементах штодзённасці - напрыклад, у рэпрадукцыях савецкіх плакатаў з усмешлівым Сталінам, кампаніі супраць Падрабінэка і да т.п.

«Але раздзімаецца не толькі рэпутацыя Сталіна, але і спадчына КДБ», - піша аўтар. Калі ў канцы 1980-х, калі стаў вядомы сапраўдны маштаб злачынстваў гэтага ведамства і іншых адпаведных службаў, у Расеі выпліснулася наверх глыбокая жывёльная нянавісць да КДБ, дык Пуцін зрабіў усё ад яго, што залежыць для рэабілітацыі роднага ведамства. У яго атрымалася не проста стварыць ФСБ імідж гераічнага атрада патрыётаў, але і нашмат падвысіць яе папулярнасць у параўнанні з КДБ у савецкі час. Пры гэтым штат ФСБ сёння больш шматлікі, чым КДБ, а ўлада шырэй, бо Пуцін прызначыў былых супрацоўнікаў спецслужбаў на высокія пасады.

У Расеі амаль кожная сям'я можа распавесці пра сваяка, пацярпелага пры Сталіне. «Чаму ж гераізацыя Сталіна такая паспяховая?» - задаецца пытаннем Мэццюз. На яго думку, часткова гэта тлумачыцца вельмі моцнай прыніжанасцю расейцаў пры Ельцыне: «цяпер яны гатовыя паверыць у любы міф пра веліч Расеі, здольны зацямніць рэальны заняпад краіны».

Сапраўдную праўду пра мінулае Расеі ўсведамляць занадта цяжка, тлумачыць аўтар. «Альтэрнатыўны варыянт - што Расеяй кіраваў грузін-псіхапат, рабаўнік банкаў, які загадаў забіць мільёны ўласных грамадзянаў і спадзяваўся пераседзець вайну ў якасці саюзніка Гітлера, калі б нацысты не парушылі пакт аб ненападзе, - занадта прыгнятае», - піша ён. Германія можа караць сябе з-за сваёй ролі ў вайне і Халакоста, бо на яе карысць кажуць эканамічныя і дэмакратычныя дасягненні. У Расеі такіх дасягненняў няма, і для падвышэння калектыўнай самаацэнкі ёй прыходзіцца звяртацца да міфаў мінулага. «Паколькі расейцы не могуць сабе дазволіць нянавісць да Сталіна, яны яго палюбілі, і гэта павінна нас вельмі ўстрывожыць», - робіць выснову Мэццюз.

Апошнія навіны