BE RU EN

Трохразовы алімпійскі чэмпіён адмаўляецца ад стыпендыі Лукашэнкі

  • 25.11.2009, 12:09

Уладзімір Парфяновіч лічыць, што гэтая стыпендыя - здзек з людзей, якія праслаўлялі краіну.

На мінулым тыдні ўказам Аляксандра Лукашэнкі была заснаваная дзяржаўная стыпендыя алімпійскім чэмпіёнам, якія дасягнулі пенсійнага узросту.

Гэтая стыпендыя склала тры бюджэты пражытачнага мінімуму (бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цяперашні час складае 250.070 рублёў).

У дакуменце, які размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пазначана, што штомесячны памер стыпендыі складзе 300% «найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага ўрадам Рэспублікі Беларусь, за два апошнія кварталы, уключаючы квартал яе выплаты».

Стыпендыя прызначаецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і «якія, выступаючы ў складзе нацыянальных і зборных камандаў Рэспублікі Беларусь ці былога СССР па відах спорту, заваявалі залатыя медалі на Алімпійскіх гульнях». Дапамога будзе выплачвацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія вылучаюцца Міністэрству спорту і турызму на ўтрыманне нацыянальных і зборных камандаў па відах спорту, і не падлягаюць абкладанню падаткамі.

Як паведаміў БелаПАН намеснік міністра спорту і турызму Дзмітры Шычко, права на дзяржаўную стыпендыю маюць зараз «сем-восем» алімпійскіх чэмпіёнаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту і пастаянна пражываюць у Беларусі. Усяго на Алімпійскіх гульнях залатыя ўзнагароды заваявалі больш за 60 беларускіх спартоўцаў.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч распавёў «Народнай волі», чаму ён збіраецца адмовіцца ад такой фінансавай дапамогі.

— Я думаю, што дакумент вельмі моцна недапрацаваны, — кажа Уладзімір Парфяновіч. — Таму што гэта вельмі маленькая стыпендыя. Калі кіраўнік дзяржавы так паважае, любіць спорт і алімпійцаў, дык чаму ён так робіць? Вось у чым пытанне. Бо тыя, хто кажа, што сёння 750 тысячаў рублёў у Беларусі — дастатковая сума, відавочна хітруюць. Пражыць на такія грошы вельмі цяжка з улікам усялякіх дэвальвацыяў і пастаяннага падаражэння прадуктаў і іншых паслугаў. Да таго ж мне распавядалі, што ў Літве, Украіне, Расеі, Казахстане, Арменіі ўсе алімпійскія чэмпіёны атрымліваюць пажыццёвую стыпендыю адразу ж пасля перамогі, а не чакаючы пенсійнага узросту. У каго 500 даляраў, у каго 1000 еўра, у Расеі — 15 тысячаў рублёў. У нас атрымліваецца каля 270 даляраў. І тое трэба чакаць пенсіі. Але, ведаеце, не ўсялякі да такога ўзросту і «давяслуе».

Вядома, што першы беларускі алімпійскі чэмпіён Леанід Гейштар жыве ў Гомелі не вельмі заможна...

— Дык і мяне сёння такая ж доля спасцігла — я вымушаны шукаць кавалак хлеба. Але не таму, што быў у апазіцыі, а таму, што ў мяне была, ёсць і будзе свая пазіцыя. Я лічу сябе свабодным чалавекам, жыву па законе.

Гэта праўда, што вы збіраецеся адмовіцца ад гэтай стыпендыі?

— Хутчэй за ўсё буду адмаўляцца. Для мяне гэтая стыпендыя — проста здзек. Я мог бы і прамаўчаць, таму што гэтая праблема ў першую чаргу павінна хваляваць тых, хто вымушаны зараз задумвацца пра старасць. А ў мяне будзе дэпутацкая пенсія. Але маўчаць не магу, крыўдна. Крыўдна за стаўленне да людзей, якія паклалі на спорт сваё жыццё і здароўе. Дай Бог, каб усе нашыя алімпійцы да ста гадоў дажылі, але жыццё ж няпростае. Я нават ведаю, што некаторыя нашыя алімпійскія чэмпіёны падумваюць пра тое, каб памяняць грамадзянства і працаваць у іншай краіне. Там жа яны будуць больш забяспечанымі. Я разумею, што Беларусь не такая заможная краіна, як Расея, але ў нас жа і не столькі алімпійскіх чэмпіёнаў. Вы паглядзіце, колькі ў нас марнуецца грошай на ўтрыманне хакейнага менскага «Дынама». Мільёны, дзясяткі, калі не сотні мільёнаў даляраў! Гэта на каманду, якая нічога не дасягае. А тут людзі ўслаўлялі краіну, але для іх, высвятляецца, грошай няма. Зараз вось абмежаваліся такой падачкай. Адным словам, як мне здаецца, таго, хто падпісваў указ, проста падставілі тыя, хто яго рыхтаваў.

Апошнія навіны