BE RU EN

Харчоваму імпарту пастаўленая «заслона»

  • 17.11.2009, 11:13

Указам Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі падвышаныя мытныя пошліны на шэраг харчовых тавараў і сыравіну.

Паводле Указу №542, пошліны ўводзяцца часовыя -- з 15 лістапада тэрмінам на дзевяць месяцаў. Так удвая – з 15 да 30% павялічаная стаўка мытнай пошліны на малочную сыраватку, сыры і тварог, паведамляе «Ежедневник».

Самую сур'ёзную абарону Лукашэнка ўсталяваў супраць імпарту бульбы, цыбулі рэпчатай, капусты белакачаннай, морквы і буракоў сталовых. З 15 лістапада стаўка мытнай пошліны на імпарт гэтай прадукцыі складае 180% ад мытнага кошту тавара. Для параўнання, раней стаўка мытнай пошліны на бульбу складала 5-15% ад мытнага кошту, на цыбулю, капусту, буракі - 15% ад мытнага кошту.

Таксама ўдвая – з 10 да 20% павялічаная стаўка мытнай пошліны на імпарт мукі з пшаніцы мяккай і спельты, крупаў і мукі грубага памолу з пшаніцы мяккай і спельты, зерне злакаў плюшчанае ці перапрацаванае ў шматкі. У чатыры разы павялічаныя пошліны на шматкі і гранулы, бульбяныя, калі раней яны складалі 10% ад кошту тавара, дык цяпер усе 40%.

У пяць разоў – з 20 да 100% павялічаная пошліна на крухмал бульбяны.

У два разы – з 20 да 40% -- на кандытарскія вырабы з цукру, уключаючы белы шакалад. З 15 да 30% павялічаная мытная пошліна на імпартныя макароны, а пошліна на імпарт лімоннай кіслаты ўзнялася ў тры разы.

Менш за ўсё дасталася таматам і агуркам. У дачыненні да іх пошліны ўведзеныя ўсяго на месяц, хаця і ўзняліся з 15 да 50%.

Апошнія навіны