BE RU EN

За няяўку па месцы размеркавання студэнтаў прымусяць плаціць 40 мільёнаў рублёў

  • 5.10.2009, 13:31

Не ўсе размеркаваныя выпускнікі вну захацелі ў гэтым годзе адпрацоўваць на прапанаваных месцах.

Толькі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце такіх каля дваццаці, распавяла «Еўрарадыё» начальнік аддзела кадраў Наталля Няпеўная.

«Выпуску падлягала 1768 бюджэтнікаў, а накіраванні атрымалі 1612 чалавек — 91%, -- заявіла Наталля Няпеўная. -- 6% атрымалі даведкі на самастойнае працаўладкаванне па ільготах. 43-м універсітэт не змог знайсці працоўныя месцы, бо не было заяў. Толькі каля 20 чалавек не прыбылі на працоўныя месцы».

Выпускнікі, якія не з’явіліся па месцы размеркавання, павінны будуць аплаціць навучанне, а калі вырашаць хавацца, то шукаць іх будзе міліцыя і пракуратура.

«Калі чалавек не прыбывае, то нам дазволена далучаць адпаведныя органы: і міліцыю, і нават пракуратуру. Звычайна аказваецца, што гэтыя выпускнікі знаходзяцца за мяжой. Адназначна прымаецца рашэнне аб спагнанні грошай. Як правіла, сума вышэй за суму навучання, бо туды ўваходзяць усе выдаткі», -- распавяла Наталля Няпеўная.

Вядома, што калі малады спецыяліст аддае грошы, то ён вяртае ўсе стыпендыі, аплату за інтэрнат і г.д. У пастанове Саўміну аб вяртанні грошай, якія затрачаныя на падрыхтоўку маладога спецыяліста, ёсць парадак разліку. І згодна з ім, студэнт аплачвае нават канцылярскія тавары, мяккі інвентар, працу пазаштатных супрацоўнікаў, камунальныя паслугі. У залежнасці ад факультэта сума, якую давядзецца вяртаць, можа дасягаць 40 мільёнаў беларускіх рублёў.

Ёсць выпускнікі, якія хаваюцца ад размеркавання і ў БНТУ, але іх колькасць яшчэ не падлічаная, заявіла супрацоўніца аддзела кадраў універсітэта Алена Семянюк.

«Накіравана па размеркаванні 2162 чалавекі, з іх 62 — небюджэтнікі. Яны самі пажадалі. Да працы прыступіла 1951 чалавек. 211 чалавек не прыбылі ў сувязі з войскам, магістратурай. Некаторыя не абаранілі дыплом, а некаторыя не пажадалі працаваць. Яны будуць плаціць за навучанне, бо не жадаюць ехаць на перыферыю. Адна дзяўчынка выйшла за расейца і паехала ў Расею. Але яна не вызваляецца ад аплаты навучання. Самі расейцы могуць вучыцца ў нас, але мы іх не размяркоўваем», -- распавяла Алена Семянюк.

Апошнія навіны