BE RU EN

У Віцебску жорстка збіты актывіст апазіцыі

  • 1.10.2009, 12:59

Увечары 30 верасня ў цэнтры Віцебска на актывіста «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Алеся Галаваня напалі пяць чалавек.

Аднаго з іх удалося затрымаць актывiсту КХП-БНФ Сяргею Каваленю. Як паведамляе bchd.info, затрыманы прызнаўся, што збіццё Алеся Галаваня праводзілася па загадзе супрацоўнікаў віцебскай міліцыі ў якасці помсты за скаргу, якую Алесь Галавань напісаў на імя начальніка Чыгуначнага РУУС Віцебска адносна дзеянняў яго падначаленых.

Нагадаем, што 27 верасня Галавань быў затрыманы за распаўсюд бюлетэняў «Прамень» і «Крыніца», а таксама іншых інфармацыйных матэрыялаў БХД. Падчас знаходжання актывіста ў аддзяленні міліцыі супрацоўнікі праваахоўных органаў дазвалялі сабе правакацыйныя і некарэктныя выказванні наконт беларускай мовы і рэлігійных перакананняў Галаваня. У сваёй скарзе актывіст БХД пералічыў усе нанесеныя яму абразы.

Падчас збіцця апазіцыянеру перадалі «прывітанне» ад начальніка Кастрычніцкага РУУС Віцебска і адказнага за масавыя мерапрыемствы ў гарадской адміністрацыі. З гэтымі людзьмі актывіст БХД неаднаразова сустракаўся падчас правядзення акцыяў.

Апошнія навіны