BE RU EN

Рубель павінныя былі дэвальваваць адразу на 80 адсоткаў?

  • 6.01.2009, 13:40

Эксперты сцвярджаюць, што станоўчага эфекту ад дэвальвацыі ў 20% не будзе.

Нацбанк збіраецца на працягу 2009 года ўтрымліваць рубель у межах 5% ад сённяшняга курсу. Але і на гэта, па словах экспертаў «Еўрарадыё», спадзявацца не варта.

Асноўная мэта дэвальвацыі — паменшыць тэмпы страты золатавалютных рэзерваў краіны. Інакш кажучы, зрабіць так, каб людзі лічылі набыццё валюты немэтазгодным. Па меркаванні фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, у цяперашняй сітуацыі скоку ў 20% нядосыць, каб дасягнуць гэтай мэты.

Затое дастаткова для таго, каб насельніцтва страціла жаданне захоўваць грошы ў рублях. Таму курс беларускага рубля працягне падаць, але абвешчаным калідорам у 5% не абмяжуецца.

«Скок у 20%, які адбыўся, відавочна недастатковы. Ён нават не выпраўляе сітуацыю з нашым аплатным балансам. Па маіх прыкідках, нармалёвым скачком было бы прыкладна 80% да гэтага курсу. Я прагназаваў, што курс падыйдзе да 4000 беларускіх рублёў за даляр на працягу гэтага года», - кажа Сяргей Чалы.

Па словах аналітыка, аднамаментная дэвальвацыя на 20% з наступнымі абяцаннямі стрымаць курс — не лепшае з таго, што мог бы зрабіць Нацбанк. Напалоханыя людзі ўвесь час будуць чакаць, што нацыянальная валюта скокне ўніз яшчэ раз. Такім чынам, попыт на валюту не паменшыцца, а, наадварот, павялічыцца.

Праўда, эканаміст Міхаіл Залескі лічыць, што Нацбанк здольны стрымліваць рубель - але на ўзроўні 10% ад сённяшняга курсу.

«Нацбанк усё можа. Ён мог далей трымаць курс. 1000, 2000, 3000 — колькі скажа Аляксандр Лукашэнка. Але іншае пытанне — ці здолее краіна цягнуць у такім тэмпе? Я думаю, што да канца года ўзаб'емся на 3000», - лічыць Міхаіл Залескі.

Стрымліваць дэвальвацыю беларускага рубля Нацбанку дапаможа расейскі рубель. Чакаецца, што ён будзе дэвальвавацца адносна іншых валют з нашага валютнага кошыка. А беларускі рубель за ягоны кошт будзе ўзмацняцца.

Міхаіл Залескі бачыць ва ўключэнні ў наш валютны кошык расейскага рубля і іншы сэнс. Цяпер Беларусь застанецца ў выйгрышы, калі будзе разлічвацца з Расеяй за энерганосьбіты ў расейскіх рублях.

«Калі мы пяройдзем на разлікі па энерганосьбітах у расейскім рублі, тады гэта быў бы абсалютна правільны крок. Калі разлікі з Расеяй і далей застануцца часткова ў далярах, то расейскі рубель будзе псаваць нам карціну, таму што гэтая валюта падае», - тлумачыць Міхаіл Залескі.

Сапраўды, разам з расейскім рублём адносна беларускага рубля патаннеюць і газ з нафтай. Але Сяргей Чалы зважае на абратны эфект: дэвальвацыя расейскага рубля зробіць даражэйшымі тавары, якія беларускія вытворцы экспартуюць у Расею.

«Уключэнне расейскага рубля ў валютны кошык было бы дакладным рашэннем, калі бы долі валют у кошыку былі прапарцыйныя аб'ёмам знешняга гандлю з краінамі зоны даляра, зоны еўра і расейскага рубля. А так мы ўсё роўна атрымліваем перакос».

Формула цяпер такая, што важна толькі тое, што будзе адбывацца з расейскім рублём. Калі дэвальвацыя расейскага рубля да кошыка валют будзе адбывацца, наш рубель будзе ўмацоўвацца. А гэта як раз не ёсць добра, бо наша задача — забяспечыць канкурэнтную дэвальвацыю», - сцвярджае эксперт.

Тым часам беларусы працягваюць скупляць у абменных пунктах даляры.

Апошнія навіны