BE RU EN

Скандальную пастанову аб імпарце адменяць. Але будзе іншая

  • 9.09.2008, 8:40

Абмяркоўваецца канцэпцыя новай пастановы аб імпарце. Пакуль Мінэканомікі Беларусі не прыме новы дакумант, прадпрымальнікам дазволілі працаваць на ранейшых умовах.

Ідэя Мінэканомікі Беларусі абмежаваць надбаўку на імпарт выклікала хвалю абурэння і ў імпарцёраў, і ў беларускіх прадпрыемстваў, і ў пакупнікоў. Нагадаем, 3 верасня з'явіўся дакумант, паводле якога надбаўка на імпартныя тавары абмяжоўваецца 30%, а падзяліць яе паміж сабой павінны імпарцёры, экспедытары, рэалізатары - усе, хто ўдзельнічае ў продажы тавара.

Беларусь рызыкавала застацца без імпартных тавараў. Афіцыйна новаўвядзенне павінна было ўступіць у сілу 13 верасня. Абмяркоўвалі яго на самых розных узроўнях. Бізнэсмэны напісалі ліст прэм'ер-міністру, а ў кулуарах дамаўляліся згортваць бізнэс. Тым часам Белкаапсаюз разам з Мінгандлем звярнуліся ва ўрад з прапановай прыпыніць уступленне пастановы ў сілу.

- Афіцыйная пазіцыя Міністэрства гандлю заключаецца ў тым, што мы лічым магчымым захаваць абмежаванні гандлёвых надбавак толькі ў дарчыненні да сацыяльна-значных харчовых тавараў, - сказаў намеснік міністра гандлю Аляксандр Давыдаў у інтэрв'ю «Інтэрфаксу». - Фармальна Мінэканомікі дасягне сваёй мэты, і спажывецкі імпарт істотна скароціцца, але можа сфармавацца таварны голад. Спажыўцы не павінны цярпець таварнага голаду.

- Пакуль пастанову дапрацоўваюць, уносяць у яе змены, - распавялі «КП у Беларусі» у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў (БСП). - Паседжанні камісіі ў Міністэрстве эканомікі ідуць яшчэ з пятніцы, яны працягваліся нават у суботу. Кіраўнікі некаторых беларускіх прадпрыемстваў са слязамі на вачах казалі аб тым, што не змогуць развівацца ў такіх умовах.

У панядзелак пасля абеду стала вядома, што дакумант адменяць.

- Замест гэтай пастановы будзе іншая. Канцэпцыю новага дакуманта пакуль абмяркоўваюць. Падрабязнасці яшчэ не вядомыя, - паведаміў «КП у Беларусі» старшыня саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.

Пакуль Мінэканомікі не прыме новы дакумант, прадпрымальнікам дазволілі працаваць на ранейшых умовах.

Апошнія навіны