BE RU EN

«The Times»: «Для лорда Бэла былы калгаснік Лукашэнка стаў цяжкім кліентам»

  • 30.09.2008, 16:50

Брытанская газета «The Times» піша аб «парламенцкіх выбарах», якія прайшлі ў Беларусі, і аб тым, што ў лорда Бэла не атрымалася «выправіць» імідж Лукашэнкі.

Гэта павінна было стаць трыюмфам чорнага мастацтва паліттэхналогіі. Брытанскі ветэран піяру лорд Бэл не адзін месяц вучыў Аляксандра Лукашэнку, якога называюць апошнім дыктатарам Еўропы, як выглядаць узорам сучаснага дэмакратычнага дзяржаўнага дзеяча.

Аднак сёння заходнія назіральнікі абвясцілі, што “парламенцкія выбары” у Беларусі - на якіх уся прэзідэнцкая раць атрымала поўную перамогу - прайшлі з парушэннямі. «Галасаванне было ў цэлым праведзена добра, але працэс падліку галасоў праходзіў нашмат горш», - адзначыла ў сваёй заяве Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ).

З боку апазіцыі, якая не атрымала ні воднага месца ў 110-меснай “палаце прадстаўнікоў”, прагучала яшчэ больш рэзкая крытыка. «Гэта былі не выбары, а фарс, пастаўлены спецыяльна для Захаду», - заявіў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі - адной з некалькіх апазіцыйных партыяў, якая выставіла сваіх кандыдатаў, - Анатоль Лябедзька.

Апазіцыйныя партыі былі пазбаўленыя доступу на дзяржаўнае тэлебачанне, 54-гадовы беларускі кіраўнік публічна вінаваціў іх у ірвацтве і апартунізме. Тым не менш, яны паспрабавалі паўплываць на тое, што адбывалася. 28 верасня дэманстранты ізноў скандавалі ў цэнтры Менску лозунгі пратэсту, але міліцыя не стала ўмешвацца як у іншых выпадках, і напружанасці, якая вісела ў паветры падчас грузінскай «рэвалюцыі ружаў» і ўкраінскай «памаранчавай рэвалюцыі», не адчувалася.

Дык якім жа чынам перамог сп-р Лукашэнка, які ўжо 14 гадоў утрымлівае ўладу, - сумленна ці несумленна? Ці атрымаў ён свае галасы дзякуючы ўкідкам фальшывых бюлетэняў, да якіх звяртаўся і ў мінулым, альбо пад апекай лорда Бэла, былога кансультанта па іміджы Маргарэт Тэтчер (Margaret Thatcher) і чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта (Augusto Pinochet) ён сапраўды здолеў стаць больш прывабным і рэспектабельным?

Гэтыя пытанні асабліва важныя, бо Захад, гэта значыць ЕЗ і Злучаныя Штаты, які змяняе зараз палітыку ў дачыненні да Расеі, ўсё больш зацікаўлены развіваць адносіны з рэжымам у Менску.

Лорд Бэл, які асабіста сустракаўся з Лукашэнкам ў Менску, адмаўляецца абмяркоўваць падрабязнасці сваёй працы. Аднак яе вынікі няцяжка заўважыць.

Лукашэнка, памяшаны на акуратнасці былы калгаснік, які любіць катацца на роліках, мусіў быць цяжкім кліентам. Да гэтых «выбараў» ён злёгку расслабіўся і нават дазволіў сябе сфатаграфаваць у кабінцы для галасавання разам са сваім малодшым сынам, дзіцём яго адкрыта прызнанай палюбоўніцы.

Жэсты, якія можна ўспрымаць як сведчанні лібералізацыі ідуць адзін за адным: ён выпусціў з турмы былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, змякчыў правілы для замежных інвестараў, звольніў некалькі «ястрабаў». Яго апошнія прызначэнні, відаць, прывядуць да стварэння тэхнакратычнага ўрада на чале з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім і пры падтрымцы ўсё больш магутнага сына прэзідэнта Віктара Лукашэнкі.

Сэнс гэтага - і тут, відаць, адчуваюцца парады лорда Бэла - у тым, каб пазбавіцца ад тытула «апошняга дыктатара» і адчытацца па пададзеным Еўрапейскім Звязам у мемарандуме аб ўзаемаразуменні спісе мераў. Пакуль гэта не будзе зроблена, беларускія чыноўнікі, у тым ліку і прэзідэнт, не змогуць наведваць Еўрапейскі Звяз. Гэтая санкцыя была накладзеная на Беларусь пасля фальсіфікацыі «прэзідэнцкіх выбараў» 2006 года.

Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка быў гатовы да пэўнай ступені супрацоўнічаць з лордам Бэлам, але, у выніку, стаўся няздольны пайсці на ўсе неабходныя саступкі. У краіну дапусцілі каля 400 назіральнікаў АБСЕ, але прыкладна на траціну выбарчых участкаў ім не далі патрапіць. Да таго ж, імі было зафіксавана некалькі выпадкаў наўмыснай фальсіфікацыі. «Гэта ставіць пад сумнеў празрыстасць асноўнага элемента выбарчага працэсу», - гаворыцца ў заяве АБСЕ.

Паводле словаў актывістаў апазіцыі, іх не дапусцілі да працы ў выбарчых камісіях, і, акрамя таго, некаторыя арганізацыі - і ў першую чаргу армія - прагаласавалі яшчэ да нядзелі. Аднак асноўнай праблемай застаецца бязлітасная барацьба сп-ра Лукашэнкі з заходнімі НУА, якія спрабуюць падвысіць палітычныя навыкі апазіцыі.

«Чаму вы плаціце гэтым так званым актывістам апазіцыі?», - заявіў прэзідэнт у перадвыбарчым інтэрв'ю заходнім СМІ, паказаным па беларускім дзяржаўным тэлебачанні ў прайм-тайм.

Кіраўніца беларускай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына настойвае, што выбары прайшлі сумленна. Аднак, адзін беларускі апазіцыйны інтэлектуал учора запярэчыў, цытуючы Тома Стопарда (Tom Stoppard): «Дэмакратыя - гэтае не галасаванне, а падлік галасоў».

Апошнія навіны