BE RU EN

БДІПЧ АБСЕ распавялі аб рэпрэсіях падчас «выбараў»

  • 25.09.2008, 11:15

За час кампаніі «Байкот» зафіксавана каля 100 выпадкаў рэпрэсіяў супраць моладзевых актывістаў: арышты, збіццё, выключэнні з навучальных установаў.

Актывісты кампаніі «Байкот» сустрэліся 24 верасня з прадстаўнікамі назіральнай місіі БДІПЧ/АБСЕ. Падчас сустрэчы моладзевыя актывісты распавялі назіральнікам аб сваім бачанні сітуацыі напярэдадні «парламенцкіх выбараў», аб ходзе кампаніі байкоту, а таксама аб рэпрэсіях, якія ўлады ўжываюць супраць актывістаў кампаніі, дамовіліся аб абмене інфармацыяй у далейшым.

«Гэта была вельмі цікавая сустрэча. Мы распавялі аб тым, у якіх цяжкіх умовах, насуперак незразумела на чым заснаваным запэўніванням аб «лібералізацыі», вымушаныя працаваць моладзевыя арганізацыі ў Беларусі. Аб тым, што, нягледзячы на запэўніванні ЦВК, міліцыя і спецслужбы вядуць сапраўдную барацьбу супраць кампаніі байкоту «выбараў». І, што вельмі важна, мы не былі галаслоўнымі і прывялі дакументальныя сведчанні рэпрэсіяў супраць моладзі і пералічылі найбольш паказальныя і абуральныя выпадкі», -- паведаміў прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў.

Паводле звестак праваабарончай службы грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», за час кампаніі зафіксавана каля 100 выпадкаў рэпрэсіяў супраць актывістаў кампаніі. У іх ліку – затрыманні за распаўсюджванне друкаванай прадукцыі, якая заклікае да байкоту «парламенцкіх выбараў», самавольныя адміністрацыйныя арышты, збіццё затрыманых актывістаў, выключэнні з навучальных установаў.

Палітычны аналітык місіі БДІПЧ/АБСЕ Вальтар Зігль (Walter Siegl) падзякаваў актывістам за пададзеную інфармацыю і запэўніў, што яна будзе выкарыстаная пры фарміраванні высноваў аб “выбарчай кампаніі”.

Апошнія навіны