BE RU EN

Іван Нікітчэнка: «Лічбамі насельніцтва не накорміш…»

  • 1.09.2008, 12:31

Валавы збор збожжавых у Беларусі выйшаў на фінішную прамую і, паводле афіцыйных зводак, ужо пераваліў за 9 мільёнаў тон. Чалец-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Іван Нікітчэнка лічыць «пераможныя» і «рэкордныя» лічбы беларускага каравая-2008 завышанымі.

- 9 мільёнаў тон - гэта так званая свірнавая, а не рэальная вага, - сказаў вядомы навуковец у інтэрв'ю «Беларускаму партызану». - Гэта значыць, зараз было засыпаным збожжа часта мокрае, з смеццем, не апрацаванае. Плюс старанна працуе ягоная вялікасць «аловак». Вось і атрымліваюцца «фантастычныя» лічбы збору збожжавых. Але да 1 студзеня беларускі каравай, па маім глыбокім перакананні, усохне і ўтрасецца да 6 мільёнаў тон.

Летась таксама крычалі аб суперураджае, а пасля Новага году дакуплялі буйныя партыі фуражнага і харчовага збожжа. Так, калі паглядзець на гэтую сытуацыю аб'ектыўна, то ўраджайнасць збожжа ў цэлым па краіне ўзрасла, але яна таксама ніяк не складае 40-50 цэнтнераў з гектара, як пішуць некаторыя газеты. Ад сілы - 30-35. У любым выпадку, ёй далёка да тых вынікаў, якія мы мелі, напрыклад, у 1988 годзе ў вопытнай гаспадарцы «Вусце» Аршанскага раёну Віцебскай вобласці - 110 цэнтнераў ячменю з аднаго гектару!

Цяпер акрамя галоўнага суб'ектыўнага чынніку - дамінантная роля дзяржавы ва ўсім аграсектары - дзейнічаюць аб'ектыўныя. Гэта і сур'ёзны недахоп арганічных угнаенняў, і няпоўнае забеспячэнне нават мінеральнымі ўгнаеннямі. Хоць, здавалася б, апошніх у нас гэтулькі, што хоць засыпся. А наогул ва ўсіх нашых суседзяў такі паказчык, як валавы збор збожжавых, практычна не фігуруе. Тамака сельская гаспадарка практычна цалкам перайшла ў рукі прыватнікаў, і яны вызначаюць, колькі і які менавіта трэба збіраць ураджай. А лічбамі, няхай і самымі пераможнымі, насельніцтва не накорміш…

Апошнія навіны