BE RU EN

«Газпром» губляе пазыцыі

  • 26.08.2008, 9:22

Расейская газаэкспортная манаполія «Газпром» знізілася да сёмага месца ў свеце па паказніку рынкавай капіталізацыі, хоць яшчэ ў траўні канцэрн уваходзіў у тройку найбуйных сусветных кампаніяў.

У панядзелак акцыі кампаніі ў РГС патаннелі на 0,21 адсотка да $9,68 пры агульным зніжэнні азначніка біржы на 0,79 адсотка. У траўні перад сходам акцыянераў катыроўкі перавышалі $15.

Лідэрам сярод сусветных кампаніяў застаецца амэрыканская нафтавая кампанія Exxon Mobil з капіталізацыяй у $417 мільярдаў. За ёй ідзе Petrochina з $345 мільярдамі. У «Газпрома» гэты паказнік складае каля $233 мільярдаў пасля травеньскага піку ў прыблізна $350 мільярдаў, гэта значыць, кампанія з тых часоў патаннела ў паўтары разы.

Кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер неаднакроць заяўляў, што праз некалькі год капіталізацыя кампаніі складзе $1 трыльён.

Расейскі рынак зніжаецца ў цэлым з-за сусветнага фінансавага крызысу, нападу прэм'ера Ўладзіміра Пуціна на Мечэл і ўзброенага канфлікту ў Грузіі.

У спісе сама дарагіх кампаніяў свету «Газпром» таксама застаецца ззаду General Electric ($290 мільярдаў), Microsoft ($254 мільярда), Wal-Mart ($234 мільярда) і China Mobile.

Другая ў РФ сама дарагая кампанія «Роснефть» займае 72-е месца ў свеце з $86 мільярдамі.

Нагадаем, на пачатку жніўня Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс раскрытыкавала "нафтагазавую дыпляматыю", якую, па ейным словам, праводзіць Расея, а таксама папярэдзіла аб прышлых цяжкасцях для нафтагазавага сектару расейскай эканомікі.

Раней паведамлялася, што кангрэс ЗША даручыў выведцы прааналізаваць міжнародную сытуацыю ў сферы нафты і прыроднага газу, а таксама ацаніць наступствы энергетычнай палітыкі такіх краінаў, як Расея, Венесуэла і Іран для нацыянальнай бяспекі ЗША.

Апошнія навіны