BE RU EN

Этнічныя «чысткі» у Паўднёвай Асеціі: грузінскіх уцекачоў назад не пусцяць

  • 15.08.2008, 12:29

Аб гэтым паведаміў прэзідэнт непрызнанай рэспублікі Паўднёвая Асеція Эдуард Какойты ў інтэрв'ю "Камерсанту".

"Мы ня маем намеру туды больш кагосьці запускаць. Больш за 18 тысячаў асяцінскіх уцекачоў з Грузіі цяпер знаходзяцца ў Паўночнай Асеціі. Нам іх трэба вяртаць у Паўднёвую Асецію", - заявіў Какойты.

На пытанне аб грузінскіх анклавах у Паўднёвай Асеціі, ці праўда, што яны фактычна знішчаныя, прэзідэнт непрызнанай рэспублікі адказаў: "Мы там практычна выраўнавалі ўсё. Правялі мяжу Паўднёвай Асеціі... А што, хіба трэба дапусціць, каб нас адтуль абстрэльвалі? Каб ізноў стралялі нам у спіну і здзекаваліся з нашага народу?" Праўда, па ягоным словам, мірнаму грузінскаму насельніцтву адтуль выйсці ўсе ж далі.

Ловяць марадэраў, а разам з тым і праціўнікаў Какойты

У апошнія дні марадэрства ў Паўднёвай Асеціі стала галоўнай пагрозай бяспекі насельніцтва. У першыя дні вайны мясцовыя жыхары і вайскоўцы адкрыта выбівалі дзверы крамаў, дастаючы адтуль ваду і прадукты сілкавання, якія больш не было дзе ўзяць. Але і праз некалькі дзён, калі ў Цхінвалі з'явілася пітная вада і харч, рабаванні не спыніліся - зараз марадэры заняліся кінутымі хатамі. Адлоўліваць раскрадальнікаў маёмасці сталі ў Джаве, праз якую пацяжэлыя дабраахвотнікі вярталіся ў Расею. Кажуць, што асноўнай здабычай марадэёраў стала відэа- і аудыётэхніка. З сёлаў вывозілі нават буйное рагатае быдла, піша "Камерсант".

Аднак, як зазначае газета, на падставе барацьбы з марадэрствам у рэспубліцы можа пачацца пераслед палітычных апанентаў прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Эдуарда Какойты, якіх цяпер стала значна больш, чым да вайны. У паўднёваасяцінскай эліце ўжо пачаліся "разборкі" паміж тымі, хто застаўся ў Цхінвалі пад бамбёжкамі, і тымі, хто яго пакінуў.

Учора стала вядома аб затрыманні аховай прэзідэнта Какойты двух жыхароў Паўночнай Асеціі Вадзіма і Ўладзіслава Казаевых. Па словах сваякоў, яны выехалі з Уладзікаўказу ў Цхінвалі 9 жніўня, каб вывезці адтуль сваю маці, але сустрэўшы ў Джаве прэзідэнта Какойты, абвінавацілі яго ў баязлівасці, за што былі збітымі і затрыманымі. Дагэтуль родныя братоў Казаевых не атрымалі аб іх ніякіх вестак.

Аб тым, што здарылася, родным братоў Казаевых распавялі іхнія знаёмыя ў Паўднёвай Асеціі, якія сталі сведкамі канфлікту ў Джаве. Тыя сама знаёмыя распавядаюць, што братоў трымаюць у склепе ў Джаве, не даюць ім есці і піць.

Да таго ж, факт затрымання братоў Казаевых на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі ў чацвер пацвердзіў сам Эдуард Какойты. Адказваючы на пытанне "Камерсанта" аб лёсе братоў, прэзідэнт непрызнанай рэспублікі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Маскве: "Гэтыя правакатары сёння сядзяць і будуць несці адказнасць перад асяцінскім народам за раскол асяцінскага грамадзтва".

Апошнія навіны